Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Наш будынак

Вельмі загадкавая гісторыя будынка нашага музея – помніка архітэктуры ХІХ ст. Рашэнне пабудаваць на гэтым месцы жылы дом было прынята яшчэ ў XVIII ст. У розныя перыяды ў гэтага будынка былі розныя ўладальнікі, многія кватэры здаваліся ўнаймы. Напрыклад, на другім паверсе ў 1840 г. жыла сям’я бацькі кампазітара Станіслава Манюшкі, польскага мастака Чэслава Манюшкі. Быў перыяд, калі ў доме па Музычным завулку размяшчаўся прызыўны пункт Мінскай губерні.

Цікавасць выклікае тое, што будынак у некаторых матэрыялах аб мінулым горада ўзгадваецца як Дом масонаў, але пацверджання гэтаму ў даследаваннях няма, як і дакладных звестак аб пасяджэннях у гэтых сценах масонскай ложы "Паўночная паходня". Ёсць версія, што дом належаў мінскай масонскай ложы "Чырвоная паходня" і быў пабудаваны гэтым аб’яднаннем. Дакладна вядома адно: у 20-я гг. ХІХ ст. муж адной з уладальніц будынка быў у спісах членаў масонскай ложы. Магчыма, менавіта таму будынак і атрымаў сваю назву.

Будынак стаіць на высокім цокалі, пабудаваным з цэглы і вялікіх валуноў. Знешняя архітэктура дайшла да нас у нязменным выглядзе і прадстаўлена стылістычнымі элементамі, характэрнымі для барока і ранняга класіцізму, на плане ён уяўляе сабой масонскі крыж. Гэта дасягаецца за кошт сіметрычна выступаючых з чатырох бакоў цэнтральных частак фасада. Існуе паданне, што па канонах ложы дом будаваўся без вокнаў: праёмы замяняліся нішамі, у якія ўстаўлялася каляровае шкло. Яно хавала ад чужынцаў масонскія сакрэты. Упершыню дом быў абазначаны на плане горада ў 1817 г., сама масонская ложа была заснавана ў Мінску ў 1816 г. і праіснавала да 1822 г., пакуль не была забаронена рашэннем царскага ўрада. Да таго ж, у розных крыніцах сустракаюцца розныя назвы масонскай ложы – у адных "Чырвоная паходня", у іншых – "Паўночная паходня".