Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Звычайны чараўнік" працягне працу да 28 ліпеня

  • 10.07.2018
Дарагія сябры! 

Па 28.07.2018 г. у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры можна будзе наведаць выставу «Звычайны Чараўнік: 5 гадоў Тэатру Генадзя Гладкова ў Мінску».

У 2018 годзе тэатру «Тэрыторыя мюзікла» споўнілася пяць гадоў, а гэта добрая нагода падвесці першыя вынікі. За гэты час новы тэатральны калектыў здолеў заваяваць сваю нішу, здабыць пастаяннага гледача і надзейна замацавацца ў беларускай творчай прасторы. У афішы тэатра –  спектаклі на музыку Генадзя Гладкова «Іяхім Ліс –  дэтэктыў з дыпломам», «Сватаўство гусара», «Сабака на сене», «12 крэслаў», «Блакітны шчанюк», «Страсці па Тылю», «Маша і Віця супраць «Дзікіх гітар», а таксама мюзік-шоў па творах кампазітара «Формула кахання». Зусім хутка ў рэпертуары з'явіцца новая прэм'ера –  мюзікл пра каханне «Звычайны цуд». Першы паказ абноўленай версіі мюзікла, аформленага ў стылістыцы стымпанку, адбудзецца 21 чэрвеня на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, а выстава ў філіяле НГМРБ «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» стане своеасаблівай прэзентацыяй прэм'еры і, вядома ж, творчай дзейнасці калектыву ў цэлым.

Матэрыялы выставы раскажуць пра Генадзя Ігаравіча як у публічным, так і ў прыватным жыцці, раскрыюць «кухню» кампазітарскай працы і нагадаюць, колькі выдатных, усімі любімых музычных, тэатральных, мультыплікацыйных і кінагісторый «Звычайны Чараўнік» паспеў стварыць.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены клавіры і партытуры тэатральных спектакляў Генадзя Гладкова з аўтарскімі пазнакамі і аўтографамі, знакавыя творы кампазітара за розныя перыяды яго творчай дзейнасці, касцюмы і рэквізіт да спектакляў «Тэрыторыі мюзікла», фатаграфіі і памятныя рэліквіі, звязаныя з жыццём тэатра.