Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Адзенне нашых продкаў"

  • 04.09.2018
З 4 верасня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачне сваю працу выстаўка «Адзенне нашых продкаў» (графіка XVIII–XIX стагоддзяў са збору Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў) 

Выстаўка падрыхтавана Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры сумесна з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў. Гонарам бібліятэкі па праву з'яўляецца калекцыя гравюр XVIII–XIX стагоддзяў рускіх і замежных мастакоў. Экспазіцыя «Адзенне нашых продкаў» пазнаёміць гледача з багатымі матэрыяламі бібліятэкі па гэтай тэме.

У графічнай калекцыі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў шырока прадстаўлены касцюм шматлікіх народаў, якія цягам мінулых стагоддзяў засялялі Расію. Сярод іх – народы Паўночнага Каўказа і Паволжа, Крайняй Поўначы і Сібіры, а таксама Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі, Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі.

Побыт і традыцыі рускага і іншых народаў Расіі ўяўляліся экзатычнымі для замежнікаў, якія наведвалі краіну. Калі пісьменнікі пакінулі нам літаратурныя тэксты, то мастакі імкнуліся замалёўваць усё, што іх уражвала.

Для экспазіцыі былі адабраны гравюры І.-Г.Георгі (1729–1802), літаграфіі Е.М.Карнеева (1782–1839) і хромалітаграфіі з альбома «Народы Расіі» выдаўца Г.-Ф.Х.Паўлі (1817–1867), які прыцягнуў да працы шматлікіх расійскіх і замежных мастакоў.

На адных гравюрах персанажы статычныя, на іншых паказаны за якім-небудзь заняткам. Усе фігуры намаляваныя на фоне краявіду, фасада або ў інтэр'еры жылля — у залежнасці ад таго, што мастакам ўяўлялася найбольш тыповым для дадзенай мясцовасці.

Наведвальнікам выстаўкі прапануецца палюбавацца прыгажосцю, багаццем і разнастайнасцю касцюма многіх народаў, пазнаёміцца з асаблівасцямі іх культуры і побыту, ацаніць індывідуальную, непаўторную манеру кожнага мастака – аўтара прадстаўленых тут работ.