Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Усмешкі Радзімы"

  • 02.10.2018
Тэрмін працы выстаўкі «Усмешкі Радзімы» працягнуты да 20 кастрычніка

Выстаўка падрыхтаваная да 80-годдзя заслужанага артыста Беларусі (1990), акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, тэатральнага педагога, мастака Фамы Сільвестравіча Варанецкага.

Нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў вёсцы Траскоўшчына пад Мінскам. У 1961 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Першая роля маладаго акцёра, Раскольнікаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, прынесла яму прэмію за лепшую мужчынскую ролю ў сезоне. У 1971 годзе Фама Сільвестравіч быў прыняты ў трупу Купалаўскага тэатра, дзе служыў 40 гадоў. За гэты час ім створана вялікая колькасць запамінальных вобразаў: ад Паніча з «Раскіданага гнязда» да Клеона з «…Забыць Герастрата!». Іграў ў тэатрах Таліна, Калугі, Львова, Сыктыўкара, мае каля 60 роляў у кіно. У адным з тэлевізійных праектаў Фама Варанецкі ўвасобіў усіх беларускіх князёў ад Усяслава Чарадзея да сямейства Радзівілаў.

Больш за 20 гадоў Фама Сільвестравіч выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў акцёрскае майстэрства, склаў дапаможнік «Асновы майстэрства акцёра». Яго вучні працуюць у найбуйнейшых тэатрах краіны: Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Яшчэ ў 1951 годзе, пасля заканчэння сямігодкі, будучы артыст збіраўся паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча, але сур’ёзна захапіўся выяўленчым мастацтвам у 1970-я гады. Пачынаў з шаржаў, якіх з часам назапасілася на дзве кнігі. Першая — «Неакадэмічная калода» (з эпіграмамi Рыгора Барадуліна) выйшла ў 1993 годзе, другая — «Трэлi ад Нэлі» (з эпіграмамi Нэлі Крывашэевай) — у 2003. Сяброўства з беларускімі жывапісцамі падштурхнула паспрабаваць сябе і ў іншых жанрах, напрыклад, у пейзажы. Фама Сільвестравіч неаднаразова выступаў у ролі мастака-афарміцеля дыпломных работ сваіх вучняў.

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя работы апошніх гадоў.

У межах выстаўкі 8 кастрычніка а 15-й гадзіне адбудзецца творчая сустрэча з артыстам.