Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Адкрыццё Года Станіслава Манюшкі

  • 04.01.2019
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры сумесна з творчым аб’яднаннем “Беларуская капэла” і ансамблем “Вытокі” запрашае на мерапрыемствы да 200–годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Выбітны кампазітар, аўтар песень, аперэт, балетаў, опер, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі нарадзіўся 5 мая 1819 г. у сядзібе Убель на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна–музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі ХІХ ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. Пазней Станіслаў Манюшка працаваў у Вільні арганістам касцёла Св. Яна. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя творы ў гэтым жанры. Важнасць асобы кампазітара цяжка пераацаніць для культуры трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы.

На працягу 2019 года 5 чысла кожнага месяца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 200–годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Інфармацыя аб мерапрыемствах на наступны месяц будзе размешчана на сайце Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Адкрыццё Года Манюшкі ў Мінску адбудзецца ўжо ў гэтую суботу, 5 студзеня, а 15–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Наведвальнікаў чакае прэс–канферэнцыя, музычная прэамбула і тэматычная экскурсія. Удзельнікі: кіраўнік творчага аб’яднання “Беларуская капэла”, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў, загадчык Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар, кіраўнік ансамбля “Вытокі”, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў.