Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 115-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Л.П. Александроўскай

  • 19.02.2019
19 лютага 2019 г. у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь будзе дэманстравацца выстаўка да 115-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Л.П. Александроўскай.

Ларыса Пампееўна Александроўская – народная артыстка Беларусі (1938) і СССР (1940), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941), легенда опернай сцэны, першая зорка беларускай оперы, якая валодала моцным музычным талентам, шырокім дыяпазонам голасу, які дазваляў ёй выконваць і сапранавыя, і меца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драматычны тэмперамент, глыбокае веданне жыцця абумоўлівалі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне створаных ёю вобразаў.

Нарадзілася 15 лютага 1904 г. у Мінску. У 1928 г. скончыла Беларускі музычны тэхнікум (клас В. Цвяткова), у 1930–33 гг. удасканальвала сваё майстэрства ў Беларускай студыі оперы і балета ў А. Баначыча. Першую оперную партыю выканала ў 1928 г. (Маргарыта ў “Фаўсце” Ш. Гуно). У 1933 г. дэбютавала на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі ў ролі Кармэн, якая стала адной з улюбёных у яе рэпертуары. Выступала як канцэртная спявачка. З 1951 па 1960 гг. з'яўлялася галоўным рэжысёрам тэатра оперы і балета. Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб'яднання (БТА) і яго старшыня ў 1946–1976 гг. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР.

Ларыса Пампееўна Александроўская стварыла яркія сцэнічныя вобразы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага опернага мастацтва. Сярод іх Кармэн (“Кармэн” Ж. Бізэ), Марыся і Алеся (“Міхась Падгорны” і “Алеся” Я. Цікоцкага), Надзейка (“Кветка шчасця” А. Туранкова), Марыя Грагатовіч (“Кастусь Каліноўскі” Дз. Лукаса), Таццяна, Ліза (“Яўген Анегін” і “Пікавая дама” П. Чайкоўскага), Яраслаўна (“Князь Ігар” А. Барадзіна), Любаша (“Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава), Аксіння (“Ціхі Дон” І. Дзяржынскага) і інш.

У якасці рэжысёра паставіла оперы “Запарожац за Дунаем” С. Гулаг-Арцямоўскага, “Страшны двор” С. Манюшкі (1952), “Мазепа” П. Чайкоўскага (1952), “Дзяўчына з Палесся” Я. Цікоцкага, “Аіда” Дж. Вердзі (1954), “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага (1954), “Надзея Дурава” А. Багатырова (1956), “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага (1957), “Яснае світанне” А. Туранкова (1958), “Пікавая дама” П. Чайкоўскага (1960).

На выстаўцы будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры”: фотаздымкі, афішы і праграмы, касцюмы і аксесуары, асабістыя рэчы артысткі, сярод якіх люстэрка, падараванае Я. Цікоцкім.