Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Мулявін. Недагаворанае

  • 21.02.2019
26 лютага ў 16.00 у філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» адбудзецца прэзентацыя кнігі «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недагаворанае...» з нагоды 50-годдзя ансамбля «Песняры». Яе аўтары — старэйшая дачка Песняра Марына Мулявіна і музыказнаўца Беларускай дзяржаўнай філармоніі Вольга Брылон. Кніга апавядае пра тое, як нараджаўся знакаміты ансамбль, пра яго першыя перамогі і ўзлёты. Паспяховы старт «Песняроў» быў забяспечаны надзейным сямейным тылам, без якога наўрад ці змог адбыцца музыка і кампазітар Уладзімір Мулявін. У той час яго спадарожніцай была Лідзія Кармальская — выдатная жанчына, якая ўзгадавала і зберагла яго талент. Яна працавала на эстрадзе ў рэдкім жанры мастацкага свісту, была папулярнай і запатрабаванай артысткай. Разам яны пражылі шчаслівых 16 гадоў.

Гэтаму перыяду жыцця Уладзіміра Мулявіна і прысвечана кніга «Недагаворанае...». У ёй шмат новага і сенсацыйнага, упершыню раскрытая біяграфія Уладзіміра Мулявіна ад нараджэння да моманту пераезду ў Мінск, расказана гісторыя яго роду, які пачынаўся ў далёкай Сібіры. Упершыню апублікаваная перапіска Уладзіміра Мулявіна і Лідзіі Кармальскай, якая адносіцца да вайсковага перыяду жыцця музыканта. Сваімі ўспамінамі падзяліліся калегі Уладзіміра Мулявіна па Ансамблі Беларускай ваеннай акругі. У іх ліку — вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Міхаіл Зданевіч, Віктар Стральчэня, Мікалай Маісеенка, зорка маскоўскай аперэты Юрый Ведзянееў і іншыя. Нямала цікавага распавялі калегі па сцэне — артысты Белдзяржфілармоніі Нэлі Багуслаўская, Уладзіслаў Місевіч, Міхаіл Рамановіч. Як займальны раман чытаюцца ўспаміны самой Марыны Мулявінай пра бацькоў, іх жыццё і ўзаемаадносіны.

На прэзентацыі кнігі будуць паказаны відэакліпы на папулярныя і любімыя песні «Песняроў»: «Ручнікі», «Крык птушкі», «Белая Русь ты мая» , «Як я ехаў да яе», а таксама на адзіны захаваны аўдыёзапіс Лідзіі Кармальскай і ансамбля «Песняры» — беларускую народную песню «Зязюленька».

Усе прысутныя змогуць задаць Марыне Мулявінай і Вользе Брылон пытанні і набыць кнігу з аўтографамі аўтараў.