Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Год Станіслава Манюшкі

  • 01.03.2019
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры сумесна з творчым аб’яднаннем «Беларуская капэла» і ансамблем «Вытокі» запрашае на мерапрыемствы да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. 

Выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі нарадзіўся 5 мая 1819 г. у сядзібе Убель на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі ХІХ ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. Пазней Станіслаў Манюшка працаваў у Вільні арганістам касцёла Святога Яна. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы 15 опер, у тым ліку славутую «Гальку» («Halka», 1848). Важнасць асобы кампазітара цяжка пераацаніць для культуры трох краін Беларусі, Польшчы і Літвы.

На працягу 2019 г. 5-га чысла кожнага месяца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Інфармацыя аб мерапрыемствах на наступны месяц будзе размешчана на сайце Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

5 сакавіка 2019 г. у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца трэцяя вечарына, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

У праграме:
  • выступленне даследчыка творчасці Ст. Манюшкі, саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, заслужанага артыста Беларусі Віктара Скорабагатава і яго вучняў-вакалістаў.
Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход – па квітках музея з магчымасцю наведаць экспазіцыю.