Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Вясновы падарунак"

  • 01.03.2019

6 сакавіка а 16-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі вязаных вырабаў Наталлі Белай.

Наталля Белая рукадзельніца, аўтар кніг «Мелодыя карункаў» і «Карункавая настальгія» (Мінск, выдавецтва « Полымя», 1999), шматлікіх публікацый у часопісах «Работнiца i сялянка», «Валентина», «Мастерица». Любімы матэрыял аўтара ільняныя ніткі ў спалучэнні з каляровым ірысам.

Нарадзілася ў 1938 г. у Волагдзе, горадзе, знакамітым сваёй традыцыяй карункапляцення. Па прафесіі урач-педыятр, пасля выхаду на пенсію занялася складаннем кнігі па вязанні на аснове калекцыі узораў, сабраных маці. Тая ў свой час працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў у Баранавічах, прымала ўдзел у распрацоўцы новых узораў. Бабуля па маці выдатна вязала, у сям'і захаваўся абрус, звязаны ёю яшчэ ў 1910-х гг. У сям'і Наталлі рукадзеллем займаюцца ўсе жанчыны: дачка вышывае і вяжа, унучка пляце беларускія паясы, шые і вышывае беларускія народныя касцюмы.

На выстаўцы будуць прадстаўлены пано «Поры года», серыя сурвэтак «Дванаццаць месяцаў», абрусы і фіранкі з вязанымі ўстаўкамі. Наведвальнікі ўбачаць таксама сурвэткі і каўняры, звязаныя маці Наталлі.

У рамках выстаўкі, якая будзе дэманстравацца да 24 сакавіка, плануецца правядзенне майстар-класаў па вязанні. Сачыце за анонсамі на сайце музея.