Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Тэатр мастака – Казіміру Малевічу прысвячаецца"

  • 21.05.2019

21 мая а 17-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 

«Тэатр мастака – Казіміру Малевічу прысвячаецца»

Выстаўка «Тэатр мастака – Казіміру Малевічу прысвячаецца» – гэта калектыўны творчы жэст будучых мадэльераў, натхнёных вядомым тэатральным мастаком і педагогам Таццянай Лісавенка.

Работы студэнтаў вылучае неардынарнасць каляровых і кампазіцыйных рашэнняў і выкарыстанне нетрадыцыйных для адзення матэрыялаў: пластыку, нятканых матэрыялаў, металу, дрэва, паперы. Студэнты індывідуальна і ярка прачыталі і пераасэнсавалі вобразы і стылістыку персанажаў Малевіча. У мадэлях праглядаюцца як канструктыўна-архітэктурныя формы, так і мяккія, тэкстыльныя з цякучымі музычнымі сілуэтамі. У працах адчуваецца разуменне тэатра як складанага арганізма сінтэтычнага мастацтва і пошукі шляхоў пераводу яго ў мастацтва пластычнае, на мову лініі, плямы, колеру, аб'ёму, і ўжо ў іх – перадачы тэатральнай умоўнасці.

Выстаўка «Тэатр мастака – Казіміру Малевічу прысвячаецца» – безумоўна, вынік творчага падыходу да вучэбных праграм, уласных здольнасцяў студэнтаў і той мастакоўскай свабоды, якую забяспечваюць і падтрымліваюць выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Удзельнікі выставачнага праекта – Аляксандра Логвіна, Анастасія Хлус, Дыяна Старых, Кацярына Лявай, Кацярына Матыгіна, Крысціна Алейнікава, Наталля Раманенка, Юлія Айплатава. Мастацкі кіраўнік – тэатральны мастак, выкладчык кафедры ДПМ і касцюма БДАМ, член Беларускага саюза дызайнераў Таццяна Лісавенка. Куратар выставачнага праекта – Ларыса Фінкельштэйн.

У дзень адкрыцця вас чакае:


  • сустрэча з удзельнікамі праекта
  • займальная гісторыя-прэзентацыя аб стварэнні праекта
  • перформанс студыі тэатра Славы Іназемцава «ІнЖэст»
  • музычная імправізацыя студэнтаў Мінскага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі

Выстаўка дэманструецца з 21 мая па 2 чэрвеня.