Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Нам засталася спадчына…” да 50-годдзя Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”

  • 02.09.2019

Афіцыйным днём заснавання ансамбля «Песняры» лічыцца 1 верасня 1969 года, калі рашэннем мастацкага савета Беларускай дзяржаўнай філармоніі гурт «Лявоны» атрымаў права называцца вакальна-інструментальным ансамблем. Знаёмства ўдзельнікаў калектыву Уладзіміра Мулявіна, Леаніда Тышко, Валерыя Яшкіна, Уладзіслава Місевіча і Аляксандра Дзямешкі адбылося яшчэ ў час службы ў ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі. Назву змянілі на «Песняроў» дзеля ўдзелу ў IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве ў 1970 годзе, пасля якога ВІА стаў вядомым усёй краіне. Мастацкім кіраўніком ансамбля ад яго заснавання і да сваёй смерці ў 2003 годзе быў народны артыст БССР і СССР Уладзімір Мулявін. Творчасць гэтага славутага калектыву аб’яднала нацыянальную паэтычную фальклорную спадчыну ў адзіную плынь з сучасным меладызмам, адкрыла шлях народнай музыцы ў сусветную музычную культуру.

Важнай асаблівасцю дзейнасці «Песняроў» з’яўляецца яднанне вакалу, інструментальнай музыкі і паэзіі. Своеасаблівы тэмбр голасу, пластыка, паводзіны на сцэне, манера выканання стваралі запамінальную непаўторнасць гучання ансамбля ў цэлым. Аснову рэпертуару калектыву складалі апрацоўкі народных песень, песні савецкіх кампазітараў, аўтарскія песні ўдзельнікаў ансамбля, якія выконваліся ў асноўным на беларускай і рускай мовах: «Александрына», «Завушніцы», «Волагда», «Белавежская пушча» і многія іншыя. Сярод найбольш значных твораў – праграмы на вершы Янкі Купалы «Песня пра долю» (1976), «Гусляр» (музыка І.Лучанка 1978), «Я не паэта» (1982), музычны спектакль «На ўвесь голас» паводле твораў У. Маякоўскага (1987), «Вянок» М. Багдановіча (1991), «Праз усю вайну» (1984). Ансамбль даў новае жыццё беларускім народным песням «Касіў Ясь канюшыну», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка».

Сёння Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам Рамана Козырава працягвае справу народнага артыста Уладзіміра Мулявіна.

Выстава ўключае ўнікальныя экспанаты з фондаў нашага музея: нотныя рукапісы У. Мулявіна (песні «Людзі кажуць», «Казакі», «Александрына», «Чырвоная ружа», «Малітва», «Жыві, зямля», «У нашай хаце», «За полчаса до весны», «Песня пра гітару»); фотаздымкі; эскізы касцюмаў В. Бартлавай і Г. Маркавец; канцэртныя строі «Песняроў»; магнітная стужка з рабочым варыянтам сумеснай працы калектыву «Песняры» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна з групай «The New Christy Minstrels» у студыі грамзапісу фірмы Сolumbia CBS у г. Нэшвіле падчас гастроляў у ЗША ў 1976 г. (песні «Купалінка», «Касіў Ясь канюшыну», а таксама песні на англійскай, рускай беларускай мовах «Расцвела сирень», «Вераніка», «Добры вечар, дзяўчыначка»). Выстава дасць магчымасць наведвальнікам музея паглядзець запіс юбілейнага канцэрта «Песняры – 25» (Віцебск, 1994) і яшчэ раз дакрануцца да адметнай творчасці ансамбля.

Наведаць выставу можна з 2 да 22 верасня. Запрашаем!