Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Круглы стол “Эпоха Манюшкі – эпоха Рамантызму”

  • 19.09.2019
19 верасня 2019 года з 14-й да 17-й гадзіны ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пройдзе навукова-практычны круглы стол “Эпоха Манюшкі – эпоха Рамантызму”.

У 2019 годзе ў гісторыі айчыннай і сусветнай культуры важны юбілей – 200 гадоў Станіславу Манюшку. Яго імя з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі, Польшчы і Літвы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя культуры і аб’ядноўвае іх.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэтральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў ў Вільні як арганіст касцёла св. Яна. Ужо потым пераехаў ў Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.

Нарадзіўся Манюшка 5 мая, таму 5 дня кожнага месяца, а таксама ў іншыя даты з пачатку года беларускім творчым аргкамітэтам ужо праведзена мноства мерапрыемстваў, прысвечаных нашаму вялікаму музычнаму класіку: канцэрты, экскурсіі, канферэнцыі, лекцыі, мастацкі пленэр. 5 верасня ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася новая выстава – дзяцячая. Творы вундэркіндаў з Манюшкавых Смілавіч прыехалі ў Мінск, на Музычны завулак, 5. Тут жа ўжо 19 верасня адбудзецца навукова-практычны круглы стол беларускіх і літоўскіх музыказнаўцаў, якія захацелі далучыцца да ўшанавання нашага юбіляра, які так шмат зрабіў для музычнага жыцця Вільні ў XIX стагоддзі. Імпрэза пройдзе пры падтрымцы Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Саюза музыкаў Літвы (Lietuvos muzikų sąjunga), і ўдзел у ёй возьме Ансамбль салістаў “Вытокі” пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова.