Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка ў Музеі-сядзібе М. Кл. Агінскага

  • 01.11.2019

1 лістапада ў Музеі-сядзібе М. Кл. Агінскага адбылося адкрыццё выстаўкі «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе».

М. Кл. Агінскі і Ст. Манюшка – кампазітары, чыя дзейнасць і творчасць пакінулі нязгасны след у музычнай культуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Асабіста сустрэцца пры жыцці яны не маглі – калі Манюшку ў родным Убелі пад Мінскам мінула два гады, Агінскі назаўсёды пакінуў свой маёнтак і накіраваўся ў Фларэнцыю.

Ужо ў мінска-віленскі перыяд Ст. Манюшка апрацаваў шэсць паланэзаў М. Кл. Агінскага – першадрук «Шэсць паланэзаў князя Міхала Агінскага», які з’явіўся ў 1858 г. у Вільні і ў пэўным сэнсе стаў данінай памяці суайчынніку, чыё гучнае імя з вуснаў у вусны перадавалася ў шляхецкіх сядзібах.

У хуткім часе пасля выдання паланэзаў Ст. Манюшку пашчасціла пазнаёміцца з дачкой М. Кл. Агінскага Эмай Агінскай і яе другім мужам мастаком Антанінам Высоцкім. Падчас той памятнай сустрэчы Манюшка іграў свае пералажэнні знакамітых кампазіцый Агінскага, а дачка атрымала ў падарунак свежы асобнік паланэзаў свайго бацькі.

Дзякуючы выстаўцы «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» наведвальнікі Музея-сядзібы М. Кл. Агінскага змогуць пазнаёміцца з выдатным кампазітарам, чый двухсотгадовы юбілей святкуецца ва ўсім свеце.