Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Станіслаў Манюшка. 18 гадоў кахання і творчасці ў Вільні

  • 27.11.2019
27 лістапада а 17-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Станіслаў Манюшка. 18 гадоў кахання і творчасці ў Вільні» з фондаў Музея тэатра, музыкі і кіно Літвы. 

Колькі гадоў пражыў бы кампазітар Станіслаў Манюшка ў Вільні, калі б не каханне да Аляксандры? Ці затрымаўся б ён у Вільні на даўжэйшы час наогул? Мы можам толькі меркаваць.

У 1836 г., прыехаўшы разам з дзядзькам Аляксандрам у Вільню, будучы кампазітар спыняецца ў доме Мюлераў, на вуліцы Вокечу. Тут ён знаёміцца з дачкой гаспадара Аляксандрай Мюлер. Яму – сямнаццаць гадоў, ёй – шаснаццаць. І сапраўды, сэрца Станіслава Манюшкі засталося ў Вільні, ён пісаў сваёй нарачонай лісты з Берліна, куды ў 1837 г. паехаў вучыцца. Ён вяртаўся ў Вільню на кожныя канікулы. У 1840 г. Станіслаў і Аляксандра пабраліся шлюбам у Вільні, у антокальскім Касцёле трынітарыяў. У Вільні Манюшка з жонкай Аляксандрай радаваліся нараджэнню дзесяці сваіх дзяцей, у Вільні, на жаль, перажылі страту трох. Станіслаў Манюшка, як і Фрыдэрык Шапэн, з’яўляецца стваральнікам польскага музычнага рамантызму. У Вільні кампазітар напісаў творы, якія праславілі яго – кантаты «Мілда», «Ніёла», чатыры «Вострабрамскія літаніі», вельмі папулярны «Хатні спеўнік», оперу «Галька» і іншыя творы.

Творчасць Станіслава Манюшкі – важная частка польскай, беларускай, літоўскай музычнай культурнай спадчыны, своеасаблівая з’ява ў еўрапейскім кантэксце музыкі рамантызму. Гэтая выстаўка – падарунак Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара.

Выстаўка дэманструецца з 27 лістапада 2019 г. па 10 студзеня 2020 г.