Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Квіток у савецкае дзяцінства"

  • 20.01.2020
На выставе прадстаўленыя савецкія цацкі перыяду 1950–1980-х гг., сабраныя на працягу апошняга дзесяцігоддзя групай калекцыянераў.

У цэнтры ўвагі мара любога савецкага хлопчыка – педальная машынка, якая давала магчымасць пракаціцца на амаль сапраўдным аднамесным аўтамабілі з рабочымі фарамі і стырнавым кіраваннем. Тут жа і іншы папулярны дзіцячы транспарт – педальны конь, матаролер, коні-качалкі, двух-і трохколавыя ровары, жалезныя танкі, машынкі і самалёцікі, месяцаход і касмалёт.

Самым жаданым падарункам для дзяўчынак заўсёды была лялька. Для яе можна было пашыць прыгожую сукенку на цацачнай швейнйя машынцы або з камфортам размясціць у лялечным доме, абстаўленым мініяцюрнай мэбляй. Плюшавыя мядзведзі, крошкі пупсы, неваляшкі ўсіх відаў і памераў – яны былі спадарожнікамі не аднаго пакалення савецкіх дзяўчынак.

На выставе прадстаўленыя развіваючыя гульні, сярод якіх любімая гульня будучых гоншчыкаў «За стырном», віктарына «Цуд-аганёк», «Радыёканструктар», наборы «Будаўнік» і «Сталяр», «Кандытар» і «Гаспадынька». А як не ўспомніць металічны канструктар, які выдатна развіваў тэхнічную кемлівасць.

Хакей і футбол былі папулярнымі ў СССР відамі спорту, і савецкія дзеці з задавальненнем гулялі ў аднайменныя настольныя гульні. А магчымасць паспрабаваць сябе ў музыцы давалі піяніна «Ножка», гуслі «Перапёлачка», акардэон, баян, металафон, патэфон і музычны слон.

Запрашаем занурыцца ў атмасферу савецкага дзяцінства з 20 студзеня па 24 лютага 2020 г.

Кошт квітка для школьнікаў – 4 руб., для студэнтаў і дарослых – 6 руб.