Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Станіслаў Манюшка

  • 04.05.2020

Выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель на Міншчыне. Вучыўся музыцы ў знакамітага мінскага педагога Дамініка Стэфановіча, пазней працягнуў навучанне ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне. Пасяліўся ў Вільні, дзе служыў арганістам касцёла Святых Янаў. Пазней Станіслаў Манюшка стварыў «Вастрабрамскія літаніі» і зборнік літургічных спеваў «Песні нашага касцёла».

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск юнаком, родны горад вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі: «Канторскія служачыя», «Латарэя», «Рэкруцкі набор». У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам.

Пазней кампазітар пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы пятнаццаць опер, у тым ліку знакамітую «Гальку» (1848, 1858), «Слова гонару» («Verbum Nobile», 1861), «Страшны двор» (1865). У творчай спадчыне Манюшкі, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат – больш за трыста песень на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, А. Адынца, Т. Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць «Хатніх спеўнікаў».

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры жыццю і творчасці выбітнага кампазітара, дырыжора і педагога прысвечана асобная зала.

У мінулым годзе ў рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пашчасціла папоўніць свае фонды карцінай «Паланэз» (1907) Яна Чэслава Манюшкі, прафесара Санкт-Пецярбургскай мастацкай акадэміі,сына славутага кампазітара. Твор быў закуплены за кошт спонсарскіх сродкаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у прыватнага калекцыянера.