Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да свята Перамогі: дзейнасць беларускіх тэатраў у гады Вялікай айчыннай вайны

  • 08.05.2020

З даўніх часоў бытавала вядомае выказванне: «Калі гавораць гарматы, музы маўчаць». Жыццё начыста абвергла гэта сцверджанне. У гады Вялікай Айчыннай вайны музы не маўчалі. Больш таго, іх голас гучаў на поўную моц. Творчая дзейнасць майстроў беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва ў ваенны перыяд адыграла значную ролю ў мабілізацыі духоўных сіл нашага народа на разгром ворага. Патрыятычны дух народа ў час смяротнай небяспекі выклікаў творчы ўздым артыстаў беларускіх тэатраў. Некаторыя з іх працавалі ў эвакуацыі, многія ў створаных франтавых брыгадах.

Вайна пачалася, калі тэатральныя калектывы знаходзіліся ў гастрольных паездках. Першая канцэртная брыгада для абслугоўвання часцей дзеючай арміі была створана ўжо ў чэрвені 1941 года з калектыву Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. які знаходзіўся на гастролях у Бабруйску. У склад брыгады ўвайшлі вядомыя майстры: Я. Палосін, М. Персцін, А. Астравумаў, А. Альшэўская, М. Маслоўская і іншыя. Маладыя адмыслоўцы розных мастацтваў вельмі хутка падрыхтавалі праграму і пачалі абслугоўваць ваенныя часці Заходняга фронту. Яны адны з першых пачалі выступаць з канцэртамі перад байцамі і афіцэрамі дзеючай арміі. Рэпертуар першай франтавой канцэртнай брыгады складаўся з вершаў і песень савецкіх паэтаў і кампазітараў, сатырычных нумароў, фельетонаў і пастаноўкі «Рускія людзі» С. Сіманава.

У маі 1943 года Першы беларускі дзяржаўны тэатр, які быў эвакуіраваны ў Томск, вырашыў накіраваць першую брыгаду на фронт. Жадаючых увайсці ў яе склад аказалася значна больш. чым патрабавалася. Гэта былі акцёры Г. Глебаў, В. Пола, Л. Ржэцкая, Э. Шапко, П. Пекур, Б. Ямпольскі, З. Стома, Р. Кашэльнікава, М. Шашалевіч і інш. – усяго сямнаццаць чалавек. Брыгада накіравалася на Калінінскі фронт. Ставілі Купалаву «Паўлінку», яго ж «Прымакі». Сярод удзельнікаў брыгады была і Стэфанія Станюта. У трупе тэатра яна ўзначальвала групу самаабароны. Пасля пераезду трупы ў Томск вяла ў шпіталі тэатральны гурток для байцоў.

Шмат цікавага вядома аб франтавой брыгадзе Другога беларускага дзяржаўнага тэатра, у склад якой уваходзілі П. Малчанаў, Ф. Шмакаў, Л. Мазалеўская, М. Бялінская, А. Радзялоўская, Т. Бандарчык і Я. Гаробчанка. Рэпертуар брыгады складаўся з урыўка са спектакля «Проба агнём» К. Крапівы, сцэнічнага жарту Я. Купалы «Прымакі», вадэвіля В. Пацёмкінай і Х. Херсонскага «3 цёплым ветрам», а таксама асобных нумароў мастацкага чытання. Вясной 1944 года брыгада выехала ў часці Беларускага фронту і прабыла там тры месяцы.

Апрача названых брыгад на фронт выязджалі брыгада Першага беларускага дзяржаўнага тэатра на чале з У. Уладамірскім і брыгада Тэатра оперы і балета на чале з Л. Александроўскай. Напачатку Ларысу Пампееўну далучылі да артыстаў МХАТа, якія вярталіся з гастролей, і разам з імі адправілі ў Маскву. Там прапанавалі накіравацца на часовую працу ў Тбілісі, дзе Александроўская ўжо паспела займець папулярнасць, ці ў Алма-Ату, дзе яна ніколі не была. Але там маглі ўладкаваць не толькі яе, але і іншых беларускіх артыстаў, таму спявачка абрала Казахстан. Апынуўшыся ў Алма-Аце, Александроўская адразу ўключаецца ў канцэртную дзейнасць, выступаючы разам з брыгадай вядучых майстроў мастацтваў Казахстана. Працуючы ў Алма-Аце, а пазней, ужо разам з усёй трупай Опернага тэатра Беларусі, у Горкім і, нарэшце, Каўрове Уладзімірскай вобласці, Л. Александроўская не перапыняла выступленняў у складзе франтавой канцэртнай брыгады.

У аркестры 201-га стралковага палка працаваў Барыс Міхайлавіч Пінчук, у будучым знакаміты дырыжор, аўтар маршаў, шматлікіх апрацовак і перакладаў твораў беларускіх кампазітараў. У 1936 г. Барыс Міхайлавіч пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію і стаў салістам-трубачом аркестра. 24 чэрвеня 1945 г. удзельнічаў у Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве, быў адным з дырыжораў зводнага аркестра.

У Маскве летам 1943 года быў адноўлены як франтавы Дзяржаўны рускі тэатр БССР. Тэатр абслугоўваў гвардзейскія часці паветрана-дэсантных войскаў Савецкай Арміі, а з першых дзён вызвалення беларускай зямлі выступаў у раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей перад воінскімі часцямі і насельніцтвам.

У 1943 годзе была створана франтавая брыгада ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР. У складзе пятнаццаці чалавек яна выехала на фронт. Брыгада была прыкамандзіравана да танкавай арміі генерала Сухамліна. У канцы лістапада брыгада вярнулася ў Новасібірск, куды быў эвакуіраваны тэатр у пачатку вайны, і адразу ж уключылася ў працу. Акрамя стацыянарных спектакляў штодня канцэртная брыгада выступала ў шпіталях, выязджала ў воінскія часці, на прадпрыемствы горада і вобласці.

Айчынная вайна сталася сур’ёзным экзаменам для дзеячаў тэатральнага мастацтва. Гэта было выпрабаванне іх вернасці свайму народу ў найцяжэйшую часіну, якая толькі выпадала на яго долю.

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы аб унёску беларускіх дзеячаў тэатральнага і музычнага мастацтва ў набліжэнне Перамогі.