Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да міжнароднага дня музеяў: выстаўка "Гімн тэатру"

  • 12.05.2020

Гісторыя беларускага тэатра цікавая, насычаная і шматгранная. Выстаўка знаёміць з асноўнымі вехамі яго развіцця, пачынаючы ад тэатра Францішкі Уршулі Радзівіл да нашых дзён.

У XVIII ст. узнікае новы від тэатральнага мастацтва — прыгонны тэатр. Рэпертуар тэатраў адлюстроўваў агульнаеўрапейскія праблемы, ішоў пераважна на французскай, італьянскай, нямецкай і польскай мовах. Першы такі тэатр у 1740 г. быў створаны ў Нясвіжы княгіняй Францішкай Уршуляй Радзівіл. Сярод пастановак тэатра асабліва вылучаюцца «Дасціпнае каханне», «Неразумны суддзя», «Шчаслівае няшчасце».

У XIX ст. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч робіць першы крок да станаўлення нацыянальнага тэатра. 9 лютага 1852 г. у Мінску адбылася прэм’ера спектакля «Сялянка» («Ідылія»). Асаблівай увагі заслугоўвае яго п’еса «Пінская шляхта». Тэатр В. Дуніна-Марцінкевіча вызначаўся дэмакратызмам, прытрымліваўся традыцыі народнага сцэнічнага мастацтва.

Паступова ўзнікалі новыя формы тэатральнай дзейнасці. Так, у 1910-я гг. набылі папулярнасць «беларускія вечарынкі», актыўным арганізатарам якіх у 1910-1913 гг. была Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага.

Немагчыма абысці ўвагай дзейнасць вандроўнай трупы пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка (з 1926 г. Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, з 1932 г. БДТ-3), якая пачала сваю дзейнасць у Мінску ў 1920 г. Адным з самых вядомых спектакляў трупы быў «Суд» па п’есе У. Галубка. Калектыў, які падарожнічаў па самых аддаленых кутках Беларусі, далучаў да сцэнічнага мастацтва шырокія народныя масы і набыў вялікую папулярнасць.

У пачатку XX ст. паўстала мноства новых тэатральных калектываў, некаторыя з іх сталі тэатрамі з амаль стогадовай гісторыяй. 14 верасня 1920 г. пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча пачаў працу Першы беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), візітнай карткай якога на працягу ўсёй яго гісторыі з’яўляецца спектакль «Паўлінка». Тэатр у гэтым годзе адзначае стагоддзе з дня свайго адкрыцця.

 Цікава заявіў пра сябе першымі эксперыментальнымі пастаноўкамі Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Ён сфармаваўся з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве і адкрыўся ў Віцебску ў 1926 г. Тэатр знаёмы гледачам, перш за ўсё, па бессмяротным спектаклі «Несцерка».

У 1932 г. з вандроўнай рускай трупы У. Кумельскага ў Бабруйску арганізаваны Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М. Горкага).

На базе студыі оперы і балета быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі (зараз творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»), які ў 1933 г. адкрыўся ў Мінску операй «Кармэн» Ж. Бізэ. Значнае месца сярод пастановак тэатра займае беларуская нацыянальная опера «Міхась Падгорны» і нацыянальны балет «Салавей».

У 1938 г. адчыняе свае дзверы Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. На выстаўцы прадстаўлены адзін з самых вядомых спектакляў тэатра «Дзед і жораў» В. Вольскага, пастаўлены ў 1939 г.

Створаны ў 1955 г. Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача па сённяшні дзень цікавы не толькі дзецям, але і дарослым. У 1970 г. адкрыўся Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, які займае значнае месца ў сучасным тэатральна-музычным жыцці Мінска. Вельмі палюбіўся публіцы спектакль «Клоп» з непараўнальнай Н. Гайдай.

У 1980 г. адкрываецца Тэатр-студыя кінаакцёра. У спектаклі «Мілы ілжэц» галоўныя ролі выканалі народныя артысты Беларусі Г. Арлова і М. Яроменка. Зоркай заззяў у 1990 г. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Адзін з самых маладых і цікавых тэатраў сучаснасці — Драматычны тэатр Беларускай арміі, які пачаў сваю працу ў 2004 г.

На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: эскіз і макет да спектакля «Дасціпнае каханне», пасведчанне артысткі БДТ-1 Веры Пола 1935 г., рукапіс аўтабіяграфіі рэжысёра БДТ-1 Еўсцігнея Міровіча, эскізы касцюмаў і дэкарацый да оперных і балетных спектакляў Я. Чамадурава, М. Блішча, П. Масленікава, касцюмы да оперы «Кармэн», а таксама фотаздымкі, копіі рукапісаў і гравюр, дакументы, афішы і праграмы да розных спектакляў з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Выстаўка працуе з 15.05. па 15.07.2020 г.