Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Стэфанія Міхайлаўна Станюта

  • 12.05.2020

13 мая 1905 года  нарадзілася Стэфанія Міхайлаўна Станюта, беларуская актрыса тэатра і кіно.

Пачала свой акцёрскі шлях з Беларускай хаткі, клуба, што адкрыўся ў 1918 г. пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. Спачатку яна, як і многія іншыя, выходзіла на сцэну ў масоўках, спявала і танцавала.

22 снежня 1918 г. у Мінску з'явіліся афішы аб адкрыцці "Беларускага савецкага тэатра". У склад гэтага калектыва прынялі групу акцёраў Беларускай хаткі, сярод іх была і Стэфанія Міхайлаўна.

У 1921 г. у ліку здольнай моладзі тэатра С. М. Станюту пасылаюць вучыцца ў Беларускую драматычную студыю ў Маскву, арганізаваную знарок для беларускіх акцёраў (мастацкі кіраўнік – В. Смышляеў). Пяць гадоў вучобы ў студыі прайшлі плённа.

Калі адкрыўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2) у Віцебску,  туды на чале з В. Смышляевым прыехалі пасля вучобы студыйцы. Тут з 1926 г. працавала Станюта (на працягу пяці гадоў). Сярод роляў у БДТ-2 можна назваць наступныя: Венера (народная драма "Цар Максіміліян" у апрацоўцы А. Рэмізава і М. Міцкевіча), Тытанія ў спектаклі "Сон у летнюю ноч" У. Шэкспіра, Агава ("Вакханкі" Еўрыпіда) і інш.

У 1931 г. Станюта пераходзіць у БДТ-1. Яна ў асноўным з'яўляецца выканаўцай характарных, камедыйных і драматычных роляў. Стэфанія Міхайлаўна стварыла шэраг народных характараў, дзе здолела выявіць у сваіх гераінях мудрасць, душэўнасць, жыццядзейнасць, сувязь з роднай зямлёй, паказала вытокі душэўнай шчодрасці і чалавечнасці: беларускі рэпертуар – Марыля і Паланея ў спектаклях "Раскіданае гняздо", "Прымакі" Я. Купалы, Алена ў п'есе "Салавей" З. Бядулі, Ганна Пятроўна ("Простая дзяўчына" К. Губарэвіча), Рыпіна ("Плач перапёлкі" І. Чыгрынава), а таксама ў п'есах савецкай і зарубежнай драматургіі.

У годы вайны Стэфанія Міхайлаўна разам з тэатрам апынулася ў эвакуацыі ў Томску. Гады вайны не спынілі творчага развіцця С. Станюты. Яна шмат выступала на заводах, у воінскіх часцях і шпіталях. У яе рэпертуары з’явіліся вобразы жанчын-патрыётак – валявыя, апантаныя, натхнёныя. Сярод іх Вольга (“ Душа Масквы ” Л. Нікуліна), характар якой вызначаўся цэльнасцю, глыбокай патрыятычнай напоўненасцю. У 1944 годзе актрыса ў складзе канцэртнай брыгады выступала ў Маскве, дзе ёй было прысуджана ганаровае званне заслужанай артысткі БССР і ўручаны медаль “За працоўную доблесць”.

Стэфанія Міхайлаўна здымалася ў кінафільмах і тэлепастаноўках ("Людзі на балоце", "Ткачы", “Развітанне” і інш.)

У 1957 г. яна атрымала званне народнай артысткі Беларусі, у 1982 г. атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі, а ў 1988 г. – атрымала ганаровае званне народнай артысткі СССР.

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў пастаяннай экспазіцыі можна азнаёміцца з адноўленым мемарыяльным пакоем, прысвечаным Стэфаніі Міхайлаўне.