Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Уладзіслаў Галубок

  • 15.05.2020

Уладзіслаў Галубок – адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX стагоддзя. Нарадзіўся 15 мая 1882 года на станцыі Лясная Баранавіцкага раёна ў сям’і рабочага-чыгуначніка.

Гэты чалавек вылучаўся шырынёй сваіх творчых магчымасцей, талентам, незвычайнай працавітасцю, вялікай самаахвярнасцю, самаадданым служэннем беларускаму мастацтву, культуры, народу.

У 1906 годзе ён экстэрнам здаў экзамен за поўны курс гарадскога вучылішча. У гэты час выявіў здольнасці ў музыцы і асабліва ў жывапісе. Далучыўся да беларускага культурна-асветніцкага руху, дзе пазнаёміўся з Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам, З. Бядулем і інш.

Сваю творчую дзейнасць Уладзіслаў Галубок пачаў у 1906 годзе з вершаў і апавяданняў, якія публікаваліся на старонках газет «Наша ніва», «Гоман», часопісе «Лучынка».

Да нацыянальнага беларускага тэатра Уладзіслаў Галубок далучыўся ў 1917 годзе, калі пачало сваю дзейнасць Першае беларускае таварыства драмы і камедыі. З 1917 па 1920 год ён працуе тут акцёрам і рэжысёрам. З гэтага часу пачынаецца стаўленне У. Галубка як драматурга. Значнае месца ў рэпертуары таварыства займалі яго п’есы,

У 1920-1922 гг. ён – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Уладзіслаў Галубок – адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра.  У 1920  годзе  стварыў  беларускі  вандроўны  тэатр.  Гэты тэатр – унікальная з’ява ў гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі. Ён стаў вандроўным не толькі з-за адсутнасці стацыянарнага памяшкання. У аснову яго дзейнасці былі закладзены ідэі Галубка, для якога мэтай, грамадзянскай місіяй было – працаваць, тварыць для пакуль яшчэ зусім не дасведчанага ў сцэнічным мастацтве гледача. Ехаць, ісці, дабірацца да тых, хто яшчэ ні разу не бачыў прафесіянальных спектакляў, жывых акцёраў, несці ім сваё мастацтва, увогуле культуру, асвету, далучаць насуперак жыццёвым нягодам людзей да тэатра, абуджаць у іх любоў і павагу да яго. Толькі ў гэтым бачыў Уладзіслаў Галубок сэнс сваёй творчасці і жыцця. Колькасць спектакляў, дадзеных у правінцыі, вылічвалася сотнямі. За шэсць гадоў іх было паказана 1500. У 1932 годзе театр атрымаў назву Беларускі трэці драматычны тэатр.

Уладзіслаў Галубок напісаў каля 40 п’ес, якія з 1917 года ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Сярод іх – «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Бязвінная кроў», «Залёты дзяка», «Бязродны», «Суд», «Душагубы», «Ганка»і інш. Сюжэты для сваіх твораў ён чэрпаў з гісторыі беларускага народа, фальклорнай спадчыны.

Як акцёр Галубок стварыў на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў: дзяка («Пісаравы імяніны»), палкоўніка («Ганка»), ксяндза («Пінская мадонна»), Сурынты («Пан Сурынта»)і інш. У. Галубок выхаваў многіх беларускіх акцёраў: У. І. Дзядзюшка, К. Ф. Быліч, Андрэй Блажэвіч і інш. У трупе Галубка рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з найбольш знакамітых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта, музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі;  на скрыпцы граў Міхаіл Лучанок, бацька вядомага кампазітара — Ігара Лучанка. У трупе працавалі і некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты, напрыклад, Міхась Васілёк, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар і іншыя.

У 1928 годзе Уладзіславу Галубку, першаму з тэатральных дзеячоў рэспублікі,  было  прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР.

У 1937 годзе Уладзіслаў Галубок быў беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС, 28 верасня таго ж года быў растраляны.

Праз 20 гадоў, 26 жніўня 1957 года, Уладзіслаў Галубок  рэабілітаваны.

Аддзел Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, носіць назву «Гасцёўня Уладзіслава Галубка». У Гасцёўні працуе адноўленая ў 2015 годзе, пастаянная экспазіцыя, дзе прадстаўлены касцюмы з тэатра У. Галубка, фотаздымкі, дакументы, мастацкія творы, афішы тэатра першага народнага артыста Беларусі.