Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 110-годдзя з дня нараджэння Генадзя Іванавіча Цітовіча

  • 07.08.2020
Да 110-годдзя з дня нараджэння Генадзя Іванавіча Цітовіча

   Генадзь Цітовіч (07.08.1910–21.06.1986) – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны артыст СССР, музыказнаўца, этнограф і харавы дырыжор.
Нарадзіўся на Віцебшчыне. Яго першым настаўнікам быў Флор Манцэвіч, збіральнік беларускага песеннага і музычнага фальклору. Пасля адбылося знаёмства з Рыгорам Раманавічам Шырмам, які ў 1920-я гады кіраваў хорам Віленскай беларускай гімназіі. Гэтая сустрэча вызначыла творчы шлях таленавітага юнака: пасля вучобы ў Віленскім універсітэце Генадзь Цітовіч скончыў Віленскую кансерваторыю. Плёнам яго працы сталі больш за 3 тысячы запісаў народных песень, танцаў і найгрышаў, а таксама 12 арыгінальных песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый. Сярод навуковых прац Генадзя Цітовіча «Беларускія народныя песні» (двухгалосыя, 1948), «Новыя стылявыя рысы традыцыйнай беларускай народнай песні» (1964), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраныя нарысы» (1976) і іншыя.

   У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры захоўваецца спадчына
Г. І. Цітовіча. На экспазіцыі “Музычная культура Беларусі ХХ стагоддзя” прадстаўлены: партатыўны магнітафон, на якім было зроблена шмат запісаў фальклорных мелодый у розныя перыяды яго творчай дзейнасці, фотаматэрыялы, звязаныя са стварэннем Дзяржаўнага народнага хору БССР, які зараз носіць яго імя, а таксама пласцінкі з запісамі Дзяржаўнага хору БССР.

   У фондах музея захоўваюцца матэрыялы, якія ў розныя часы былі перададзеныя ў музей сям'ёй Г. І. Цітовіча: фотаздымкі, харавыя апрацоўкі народных песень, фальклорныя зборнікі, мемарыяльныя рэчы. У 2010 годзе музей арганізаваў выставу “Майстэрства Генадзя Цітовіча – дырыжора, фалькларыста, кампазітара” да 100-годдзя з дня нараджэння, дзе былі прадстаўлены арыгінальныя песні кампазітара, яго апрацоўкі песень “Рэчанька”, “Ой, рана на Йвана”, “Жавароначкі, прыляціце” і інш. Цікавыя здымкі, якія раскрываюць яго дзейнасць як дырыжора народнага хору ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна, які пазней быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, а ў 1964 – у Дзяржаўны народны хор БССР.

   На выставе да 110-годдзя з дня нараджэння кампазітара прадстаўлена выданне “Песні шчасця” з аўтографам аўтара, фотаздымкі, віншаванні, ганаровыя граматы.