Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 130-годдзя з дня нараджэння Аскара Пятровіча Марыкса.

  • 18.12.2020

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аскара Пятровіча Марыкса.

Аскар Пятрович Марыкс  - мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага дэкаратыўнага мастацтва, народны мастак Беларусі.

Нарадзіўся 20 снежня 1890 года ў Львове, які ў той час уваходзіў ў склад Аўстра-Венгрыі.Бацька Аскара Пятровіча, па нацыянальнасці славак, быў дваранскага саслоўя і служыў афіцэрам, вельмі рана загінуў на дуэлі. Маці – венгерка, ледзьве не баранэса, другі раз выйшла замуж, і сям’я пераехала ў Прагу. Айчым быў механікам і лічыў, што пасынак павінен займацца тым жа. Аскар Пятровіч думаў інакш: ён уцёк з дому, падпрацоўваў на малярных работах і паступіў ў Пражскі філіял Венскай акадэміі мастацтва. Скончыў яе па класу архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Далейшую адукацыю атрымліваў як вольны слухач платных мастацкіх студый Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Расіі. У гэты ж перыяд актыўна працаваў у тэатрах і прымаў удзел у выстаўках.

З 1922 года Аскар Пятровіч цалкам прысвяціў сябе працы ў Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), дзе разам з Я.А.Міровічам прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні першага беларускага тэатра. З імем А.П.Марыкса звязана заснаванне ў Беларусі прафесійнай школы сцэнічнага афармлення.

Найбольш значныя работы ў БДТ-1: “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Кастусь Каліноўскі” Я.Міровіча, “Салавей” З. Бядулі, “Мешчанін у дваранах” Мальера, “Капітанская дачка” паводле А. Пушкіна, “Ваўкі і авечкі” А. Астроўскага і іншыя.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Марыксаў, спісаўшыся з Віцебскім драмтэатрам, пераехала ва Уральск. Там Аскар Пятровіч працаваў галоўным мастаком у Другім беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2), аформіў спектаклі “Чалавек з ружжом” М. Пагодзіна, “Здані” Г. Ібсена, “Асада млына” паводле Э. Заля, “Забаўны выпадак”         К. Гальдоні, “Фронт” А.  Карнейчука, “Ягор Булычоў і іншыя” М. Горкага і іншыя.

З 1949 года Аскар Пятровіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, ён працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

А.П.Марыкс афармляў спектаклі не толькі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа, але і Беларускага тэатра юнага гледача, Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М.Горкага, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Пінскага і Бабруйскага тэатраў, многіх іншых тэатраў Беларусі і замежжа.

Дэкарацыі А.П.Марыкса вызначаліся вобразнасцю, глыбокім веданнем эпохі, стылявой своеасаблівасцю, кампазіцыйнай выразнасцю.

Наш музей адзначае юбілейную дату Аскара Пятровіча выстаўкай “На тэатральных падмостках”, якая прысвечана творчай дзейнасці мастака. Тут прадстаўлены работы А. П. Марыкса, сярод якіх малавядомыя эскізы, якія былі перададзены ў фонды музея з Беларускага саюза мастакаў,а таксама асабістыя рэчы мастака, такія як журнальны столік, шахматы.