Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна «Быў, ёсць, буду…»

  • 12.01.2021

З 11 студзеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

пачала працу выстаўка да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна «Быў, ёсць, буду…»    

 

          Уладзімір Мулявін (12.01.1941 – 26.01.2003гг.)  – выбітны беларускі артыст, кампазітар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Творчую дзейнасць у Беларусі пачаў у 1962 г. У 1969 г. становіцца мастацкім кіраўніком створанага ім вядомага ансамбля “Песняры” (першапачатковая назва  - “Лявоны”). Творчасць гэтага славутага калектыва аб’яднала нацыянальную паэтычную фальклорную спадчыну ў адзіную плынь з сучасным меладызмам, адкрыла новы накірунак беларускага эстраднага мастацтва.

Важнай асаблівасцю дзейнасці У. Мулявіна з’яўляецца яднанне вакала, інструментальнай музыкі і паэзіі. Сярод найбольш значных яго твораў “Песня пра долю”, вакальны цыкл “Я не паэта”, музычны спектакль “На ўвесь голас” паводле паэмы У. Маякоўскага і іншыя.  Талент  У. Мулявіна даў новае жыццё беларускім народным песням “Касіў Ясь канюшыну”, “Рэчанька”, “Купалінка”, “Перапёлачка”.

Творчасць і імя Уладзіміра Мулявіна шырока вядомы за межамі Беларусі, ён разам з калектывам пабываў у многіх краінах свету, дзе слухачы і гледачы захапляліся канцэртамі ансамбля. Ён удастоены звання народнага артыста Беларусі і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам  шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У Маскве на “Алеі зорак” ззяе яго зорка.

          Выстаўка ўключае ўнікальныя экспанаты з фондаў нашага музея: нотныя рукапісы У. Мулявіна;  фотаздымкі; эскізы касцюмаў Юрыя Піскуна, Вольгі Дзёмкінай; канцэртныя строі “Песняроў”; магнітная стужка з рабочым варыянтам сумеснай працы калектыва “Песняры” пад кіраўніцтвам У. Мулявіна з групай “NewChristieminstrels”.

        Выстаўка з’яўляецца сумесным праектам з Музеем Ул.Г.Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Фонды Музея Ул.Мулявіна прадставілі некалькі касцюмаў, буклеты, праграмы канцэртаў, а таксама аўтабіяграфія У.Г.Мулявіна. На выстаўцы будуць гучаць песні “Песняроў”, відэа з канцэртаў.

Выстаўка дае магчымасць наведвальнікам музея яшчэ раз дакрануцца да адметнай творчасці У.Мулявіна, прайсці зорнымі шляхамі ансамбля “Песняры”.