Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Тэатр у тварах і вобразах"

  • 27.01.2021

З 28 студзеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка «Тэатр у тварах і вобразах» да 50-годдзя з адкрыцця Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра  

    Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр створаны ў 1970 годзе, і свой першы тэатральны сезон адкрыў 17 студзеня 1971 года ў памяшканні клуба ім. Ф. Дзяржынскага. Былі падрыхтаваны тры спектаклі: гераічная музычная камедыя беларускага кампазітара Ю. Семяняка "Спявае “Жаваранак", паказаная ў першы дзень працы тэатра, аперэта  "Фіялка Манмартра" І. Кальмана і "Вольны вецер" І. Дунаеўскага. Да 2000 года калектыў насіў назву "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі".

    Новы дванаццаты сезон у 1981 годзе быў адкрыты у спецыяльна пабудаваным для тэатра будынку па вуліцы Мяснікова, 44.

     За час існавання на сцэне тэатра было пастаўлена больш за 180 спектакляў, многія з якіх сталі значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай музычнай спадчыны.

    У сённяшнім рэпертуары тэатра больш за сорак разнажанравых пастановак: класічная аперэта, мюзікл, музычнае рэвю, музычная камедыя, камічная опера, рок-опера, опера, балет, музычныя спектаклі для дзяцей. Таксама тэатр праводзіць і прымае ўдзел у абменных гастролях, конкурсах і фестывалях.

    Калектыў тэатра і яго салісты неаднаразова атрымлівалі званні - лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Заслугі тэатра ў развіцці беларускай музычнай школы і беларускага музычнага мастацтва паслужылі падставай для прысваення яму ў 2000 годзе ганаровага звання "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь", а ў 2009-ым званне "Акадэмічнага" і яго перайменаванне ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

    Творчае крэда тэатра - павага да традыцый музычнага мастацтва і смеласць эксперыменту. Для ўвасаблення гэтых ідэй калектыў супрацоўнічае з многімі вядомымі кампазітарамі і драматургамі, запрашае для стварэння спектакляў таленавітых рэжысёраў-пастаноўшчыкаў.

    На выстаўцы прадстаўлены касцюмы са спектакляў, аксесуары - карона, шапкі, грэбень, парыкі і нават дэкоры да прычосак. Акрамя таго можна убачыць афішы розных гадоў, кнігі, буклеты, праграмкі і іншае. Выстаўка стоврана сумесна з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам.

    Запрашаем акунуцца ў чароўны свет аперэты!