Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 125-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Мікалаевіча Саннікава

  • 28.05.2021

 Акцёр, рэжысёр, народны артыст Беларусі (1949), двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прафесар, загадчык кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Нарадзіўся ў Рагачове 30 мая 1896 г. Скончыў рэальнае вучылішча, дзе ніводны школьны спектакль не абыходзіўся без яго ўдзелу. Летам 1917 г. К. Саннікаў стаў акцёрам Рагачоўскага гарадскога тэатра, але хутка быў прызваны ў армію. Пасля службы некаторы час працаваў у тэатры мініяцюр “Рэнесанс”, а калі той закрыўся, перайшоў у Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Менавіта з гэтага часу тэатральнае жыццё Саннікава непарыўна звязана з беларускім тэатрам. У 1920 г. ён стаў адным з заснавальнікаў Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1926 г. БДТ-1, зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў г. Мінску). У 1921 г. па ініцыятыве творчай моладзі тэатра з мэтай удасканалення майстэрства ў Маскве была створана Беларуская драматычная студыя, адным з навучэнцаў якой і стаў Канстанцін Мікалаевіч. Пасля заканчэння студыі ў 1926 г. ён пачаў працаваць акцёрам і рэжысёрам у БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў г. Віцебску). Важную ролю ў творчым жыцці К. Саннікава адыграла яго праца ў Трэцім Беларускім драматычным тэатры, на чале якога стаяў яго стваральнік У. Галубок. Як мастацкі кіраўнік тэатра К. Саннікаў аднавіў яго рэпертуар, у асноўным за кошт сучасных аўтараў, убачыў у калектыве шэраг таленавітых акцёраў і арганізаваў іх вучобу ў Маскве. Пасля расфарміравання тэатра Саннікаў зноў вярнуўся ў БДТ-1 у якасці рэжысёра. Разам з калектывам тэатра ў час вайны працаваў у франтавых брыгадах. Рэжысёрская дзейнасць Саннікава ў тэатры працягвалася да 1961 г., прычым да 1952 г. ён заставаўся яго мастацкім кіраўніком.

Сярод найбольш значных роляў, выкананых Канстанцінам Мікалаевічам у розны час, – Аляксей у п’есе “Рысь” паводле аповесці Э. Ажэшкі “У зімовы вечар”, Васька Попел у драме М. Горкага “На дне”, Максімілян у народнай драме “Цар Максімілян”, Аберон у камедыі У. Шэкспіра “Сон у летнюю ноч”, Гадун у драме Б. Лаўранёва “Разлом”. Акцёр ствараў свае вобразы без асаблівых вонкавых эфектаў, але ніколі не спрашчаў іх і не паўтараўся.

З акцёрскай працы К. Саннікава вырастае, становіцца яе лагічным працягам яго рэжысура. Як рэжысёр Саннікаў умеў захапіць артыстаў сваім вобразным бачаннем будучага спектакля, вастрынёй і смеласцю ў вырашэнні сцэнічных вобразаў, невычэрпнай творчай энергіяй. Сённяшнім гледачам не давялося бачыць знакамітых у свой час саннікаўскіх пастановак “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона і “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы, за якія рэжысёр быў двойчы ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР (1948 і 1952), а між тым яны сталі адной з яркіх старонак беларускага тэатральнага мастацтва. Гэтыя самабытныя, арыгінальныя, надзвычай сучасныя спектаклі – самыя значныя і цікавыя ў творчай біяграфіі рэжысёра. Спектаклі па гэтых п’есах ставіліся рознымі тэатрамі краіны, але ні адзін з іх не змог аказацца раўназначным пастаноўкам, якія нарадзіліся ў творчай садружнасці рэжысёра К. Саннікава з выдатнымі артыстамі-купалаўцамі. Саннікавым былі таксама пастаўлены спектаклі “Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка, “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Зацікаўленая асоба” і “Людзі і д’яблы” К. Крапівы, “Хлопец з нашага горада” К. Сіманава, “Машачка” А. Афінагенава… Ён вельмі любіў працаваць над сучаснымі п’есамі і літаральна адкрыў для беларускага тэатра драматургаў А. Маўзона, К. Губарэвіча, Э. Самуйлёнка, А. Макаёнка.

Завяршэннем рэжысёрскай працы К. Саннікава стала яго педагагічная дзейнасць. Веданне таямніц рэжысёрскага майстэрства, беражлівыя адносіны да творчай індывідуальнасці кожнага акцёра, рэдкі педагагічны талент дапамаглі К. Саннікаву выхаваць цэлую плеяду акцёраў беларускай сцэны. Яго вучнямі былі Г. Аўсяннікаў, Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, Г. Талкачова, В. Тарасаў і іншыя.

Памёр 12 жніўня 1965 года.

У фондах музея  знаходзяцца афішы і праграмы да спектакляў, фотаздымкі сцэн са спектакляў.