Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 115-годдзя з дня нараджэння Марыі Сяргееўны Бялінскай

  • 22.07.2021
Нарадзілася 22 ліпеня 1906 г. у Магілёве. Пасля сканчэння ў 1926 г. Беларускай драматычнай студыі ў Маскве працавала ў БДТ-2 (зараз  Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), была адной з вядучых актрыс. Падчас вайны працавала ў складзе франтавой тэатральнай брыгады. У 1953 г. атрымала званне Народнай артысткі Беларусі.

У творчасці спалучала адданасць рэалістычнаму паказу чалавека на сцэне з  адметным вобразным тэатральным малюнкам. Выконвала ролі маладых гераінь, потым – характарныя. Тэмпераментная, лірычная засяроджаннасць Марыі Бялінскайспрыяла раскрыццю сацыяльных якасцей і сардэчных парыванняў-страсцей яе персанажаў. Па-мастацку выразна і пераканаўча  раскрывала рамантычнасць сваіх гераінь і іх зямное паходжанне ў эмацыянальных і валявых драматычных і камедыйных вобразах. Прыкметны след пакінула ў асэнсаванні творчасці рускіх класікаў – А.Астроўскага (Агнія – “Мінулася кату масленіца”, Аксюша – “Лес”) і М.Горкага (Поля – “Мяшчане”, Шурка – “Ягорка Булычоў і іншыя”, Насця – “На дне”, Рашэль – “Вася Жалязнова”, Клеапатра – “Ворагі”). Сярод яе лепшых роляў таксама: Марына (“Вайна вайне”Я.Коласа), Таццяна Марыч (“Над Бярозай-ракой” П.Глебкі), Старшыня калгаса (“Алазанская даліна” К.Губарэвіча і І.Дорскага), Марыя Антонаўна (“Рэвізор” М.Гогаля), Афелія (“Гамлет” У.Шэкспіра), Люсінда (“Лекар паняволі” Мальера), Жаніна (“Забаўны выпадак” К.Гальдоні), Ліза (“Жывы труп” Л.Талстога), Вера і ваенурач Грэч (“Хлопец з нашага горада” і “Так і будзе” К.Сіманава), Марыя Аляксандраўна (“Сям’я” І. Папова), Надзя (“Калінавы гай” А.Карнейчука).

У 1965-1979 гг. працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы. Яе работы адметныя творчай самастояйнасцю і пачуццём ансамблевасці з новымі партнёрамі. Сярод іх: Глушачыха (“Людзі на балоце” паводле І.Мележа), Кандраціха (“Рудабельская рэспубліка” паводле С.Грахоўскага), Настасся Пятроўна (“Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага і М.Салаўёва), Галчыха (“Без віны вінаватыя” А.Астроўскага), Раіса Фёдараўна (“Дзесяць сутак за каханне” У.Канстанцінава і Б.Рацэра), Зіначка (“У мяцеліцу” Л.Лявонава), маці Віктара (“Гульня з кошкай” І.Эркеня).

Акрамя тэатральных роляў, знакаміта Марыя Бялінская і як кінаактрыса: “Атланты і карыятыды”, “Незабытая песня”, “Зімародак”, “Апошні хлеб”, “Несцерка”.