Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 160-годдзя з дня нараджэння Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага

  • 20.08.2021

         Да 160-годдзя з дня нараджэння Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага

        Жыццёвая і творчая біяграфія заснавальніка беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага багатая на падзеі.

        Нарадзіўся ён 22 жніўня 1861 года ў маёнтку Палівачы Празароцкай воласці Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Гады вучобы прайшлі ў Рызе. Тут І. Буйніцкі скончыў землямернае вучылішча. Акрамя прафесіі землямера ён атрымаў і акцёрскую адукацыю, наведваючы прыватную драматычную студыю ў Вільні. Пэўны час Ігнат Цярэнцьевіч працаваў каморнікам. Раз’язджаючы па вёсках, ён назіраў за жыццём простых людзей, блізка да сэрца прымаючы іх беды. У 1913 г. арганізаваў Празароцкае беларускае крэдытнае таварыства, у якім кожны селянін пад невялікі працэнт мог атрымаць пазыку. Ігнат Буйніцкі прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці віленскага таварыства “У дапамогу фронту” (1914–1916). Сучаснікі прыгадвалі, што Ігнат Цярэнцьевіч ніколі не расставаўся са сваім вялікім скураным сшыткам, куды запісваў бачанае і чутае: народныя звычаі, песні, танцы – усё тое, што і склала аснову яго творчага метаду.

       Тэатральную дзейнасць І. Буйніцкі пачаў з правядзення беларускіх вечарынак у сваім фальварку, у якіх прымалі ўдзел палівачоўскія хлопцы і дзяўчаты. Прырода шчодра надзяліла гэтага чалавека талентам: ён ажыццяўляў рэжысуру, спяваў, дэкламаваў. І ўсё гэта рабіў выдатна. Да дзядзькі Ігната (так звалі яго сяляне) людзі ішлі з вялікай ахвотай: іх вабіла добрае, адкрытае сэрца гэтага чалавека, яго захапленне песнямі і танцамі. У 1907 г. Ігнат Цярэнцьевіч разам з дочкамі Вандай і Аленай, а таксама са сваімі блізкімі сябрамі стварыў у фальварку Палівачы аматарскі калектыў. На той час яго выступленні яшчэ не адпавядалі сучаснаму разуменню мастацтва тэатра, але канцэрты, наладжаныя трупай, выклікалі шырокі рэзананс. Галоўная іх вартасць была ў тым, што са сцэны гучала родная мова, выконваліся блізкія простым людзям народныя танцы. Чуткі аб “дваровым тэатры” І. Буйніцкага разнесліся далёка, і ў лютым 1910 г. вясковых артыстаў запрасілі прыняць удзел у першай публічнай беларускай вечарынцы, якая адбылася ў Вільні. На ёй выступаў хор пад кіраўніцтвам Л. Рагоўскага, быў паказаны спектакль, падрыхтаваны А. Бурбісам, у канцы сваё майстэрства прадэманстравала танцавальная трупа І. Буйніцкага. Поспех быў незвычайны, што канчаткова пераканала Ігната Цярэнцьевіча ў неабходнасці стварэння прафесійнага тэатра. Летам 1910 г. была сфарміравана пастаянная трупа і распачаты працяглыя гастролі па Беларусі. У час шматлікіх выступленняў калектыў набыў асноўныя рысы прафесійнага тэатра з пэўнымі эстэтычнымі, грамадзянскімі, этычнымі прынцыпамі і ўвайшоў у гісторыю як Першая беларуская трупа І. Буйніцкага.

       Прадстаўляючы розныя напрамкі, тэатр зыходзіў з адзінай крыніцы – народнага мастацтва. Фальклорна-этнаграфічныя традыцыі яскрава праяўляліся як пры пастаноўцы п’есы, так і пры выкананні танца. Творчае аблічча Першай беларускай трупы выявілася і ў рэпертуары. Яго склалі п’есы “Па рэвізіі” і “Пашыліся ў дурні” М. Крапіўніцкага, “У зімовы вечар” Э. Ажэшкі, “Сватанне” А. Чэхава, “Міхалка” братоў Далецкіх, “Модны шляхцюк” К. Каганца. Ігнат Буйніцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва трупай, фінансаваў яе на ўласныя сродкі. Быў ён і першым танцорам, выступаў у хоры, удзельнічаў у драматычных спектаклях. Ігра І. Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам. Першая беларуская трупа выступала ў розных месцах – Вільні, Мінску, Пецярбургу, Варшаве, невялікіх мястэчках Беларусі. Усюды яе выступленні праходзілі з вялікім поспехам. Дзейнасць І. Буйніцкага падтрымлівалі дзеячы беларускай культуры – Я. Купала, Ядвігін Ш., Ц. Гартны, З. Бядуля, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Трупа праіснавала да 1913 г. З-за палітычнага ўціску і матэрыяльных цяжкасцей яна была распушчана. Аднак надзея арганізаваць новы беларускі тэатр не пакідала І. Буйніцкага. У 1917 г. ён стаў адным з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі і быў абраны яго кіраўніком. Пазней І. Буйніцкі трапіў на фронт, дзе 22 верасня 1917 г. раптоўна памёр. Першапачаткова быў пахаваны непадалёк ад вёскі Палачаны, што на Маладзечаншчыне. Пазней астанкі перавезлі ў фальварак Палівачы, а ў 1975 г. яны былі перазахаваны на цэнтральнай плошчы ў мястэчку Празарокі Глыбоцкага раёна. Над магілай устанавілі манументальны помнік (скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін).

       Дзейнасць пачынальніка прафесійнага беларускага тэатра паслужыла той творчай асновай, на якой у далейшым развівалася нацыянальнае сцэнічнае мастацтва.

       У экспазіцыі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры творчасці Ігната Буйніцкага адведзена асобнае месца. Фонды музея захоўваюць фотаздымкі Ігната Буйніцкага, яго сям'і, некаторых актораў яго трупы. Афішы да спектакляў яго трупы. Маецца фотаздымак помніка, а таксама фотаздымкі са святкавання 120-годдзя з дня нараджэння І. Буйніцкага ў Празароках у 1981 годзе. Падчас святкавання 150-годовага юбілею з дня нараджэння заснавальніка беларускага тэатра на базе Музея гісторыіі тэатральнай і музычнай культуры была праведзена рэканструкцыя “Беларускай вечарынкі Ігната Буйніцкага”.