Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 100-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі "Аляксандра Клімава. Каралева сцэны"

  • 01.10.2021

1 кастрычніка ў Музеі гісторыі тэатральнай и музычнай культуры пачала працу выстаўка да 100-годдзя з дня нараджэння Аляксандры Клімавай

Аляксандра Іванаўна Клімава - вялікая актрыса другой паловы ХХ стагоддзя. Нарадзілася 1 кастрычніка 1921 года ў сяле Затаболаўка Кустанайскай вобласці (Казахстан). Дзяцінства і юнацтва прайшло ў г. Магнітагорску, дзе яна скончыла сярэднюю і музычную школы і ў 1941 годзе пачала сваю працоўную дзейнасць на металургічным заводзе. У 1942 годзе яе запрасілі ў Магнітагорскі драматычны тэатр імя А.С.Пушкіна. На гэтай сцэне да Клімавай прыйшоў першы поспех. Тут актрыса выканала ролі: Алена Мядзведзева - «Слава»             В. Гусева, Каця - «Варвары» М. Горкага, Аня - «Вішнёвы сад» А. Чэхава і інш.

У 1945 годзе А.І. Клімава паступіла ў вышэйшае тэатральнае вучылішча імя М.С.Шчэпкіна ў Маскве, стала вучаніцай славутай актрысы В.Н.Пашэннай, і яшчэ будучы студэнткай прымае ўдзел у спектаклях Малога тэатра. У 1949 годзе маладая актрыса атрымала запрашэнне ў Адэскі рускі драматычны тэатр. У 1951-1954 гг. працавала ў Кіеўскім рускім драматычным тэатры імя Л. Украінкі.

У 1956 годзе А.І. Клімава атрымала запрашэнне ў Мінск, у Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага, дзе дэбютавала ў ролі Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» В.Вішнеўскага. З гэтага моманту і да канца свайго жыцця творчы лёс Аляксандры Клімавай звязана з эпохай развіцця тэатральнага мастацтва Беларусі.

Аляксандра Іванаўна атрымала званне народнай артысткі Беларусі ў 1963 годзе, а ў 1969 годзе - народнай артысткі СССР.

За палову стагоддзя творчай працы ў тэатры імя М. Горкага А.І. Клімава сыграла больш за 80 галоўных роляў класічнага і сучаснага рэпертуару. Яна здабыла славу вядучай актрысы гераічнага плана і заваявала шырокае прызнанне тэатральнай грамадскасці і гледачоў. Аляксандра Клімава стварыла цэлую галерэю легендарных вобразаў, якія па праву занесены ў скарбніцу дасягненняў беларускага сцэнічнага мастацтва. Менавіта ў Беларусі, на сцэне тэатра імя М. Горкага, да А.І. Клімавай прыйшоў сапраўдны поспех. Народная артыстка СССР Аляксандра Іванаўна Клімава ўвайшла ў плеяду творцаў, якія складаюць «Залаты фонд» беларускай культуры і мастацтва.

Памерла Аляксандра Іванаўна 13 мая 2005 года ў Мінску. Пахавана на Усходніх (Маскоўскіх) могілках.

На выстаўцы прадстаўлены асабістыя рэчы артысткі: ўпрыгожванні, аксесуары, прадметы інтэр'еру, фатаздымки, рэквізіты з некаторых спектакляў, артысткі і іншае.