Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Міжнародны дзень музыкі

  • 01.10.2021

Дарагія сябры! Прыміце шчырыя віншаванні з Міжнародным днём музыкі!

Усіх прыхільнікаў музыкі запрашаем у Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, дзе Вы зможаце пазнаёміцца з гісторыяй развіцця музычнага мастацтва на беларускіх землях, пачынаючы з Х ст. Ад праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай рэлігійнай музыкі да музычных традыцый юдаізма і іслама. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены старажытныя ноты, што дапамагалі спяваць хору, і музычныя помнікі, найцікавейшы з якіх “Полацкі сшытак”, які ўтрымлівае ў сабе ўзоры першай беларускай свецкай музыкі. Можна пазнаёміцца і з фісгармоніяй, касцёльным музычным інструментам, што нараўне з арганам гучаў на богаслужэннях, і капэламі такіх буйных магнатаў як Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і інш.. Менавіта на базе капэл узніклі прыгонныя тэатры ў Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Гродна, Ружанах і Шклове, дзе музыка знайшла сваё ўвасабленне ў такіх жанрах як опера і балет.

Значная ўвага на экспазіцыі музея надаецца станаўленню беларускай музычнай культуры ў XX ст. Гэта і першыя музычныя школы, і Саюз кампазітараў, і ўзнікненне такіх музычных тэатраў як Нацыянальны Акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, з’яўленне і развіццё нацыянальных ансамбляў “Песняры”, “Верасы” і інш. Творчы шлях беларускіх кампазітараў, музыкантаў і дзеячоў музычнай культуры дае прадстаўленне аб развіцці беларускай нацыянальнай музыкі. Асаблівае месца на экспазіцыі адведзена творчасці сусветна вядомых кампазітараў, музыкантаў Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшкі. 

Творы беларускіх кампазітараў па традыцыі прагучаць у Міжнародны дзень музыкі ў музеі.