Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Партытура жыцця» да 130-годдзя з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы

  • 20.01.2022

З 20 студзеня пачынае працу выстаўка да 130-годдзя з дня нараджэння Р.Р. Шырмы, беларускага харавога дырыжора, народнага артыста Беларусі

 Нарадзіўся Рыгор Шырма ў в. Шакуны непадалёку ад Пружан. Дзяцінства праходзіла ў працы і сялянскіх клопатах. У 1905 г. дванаццацігадовым хлопчыкам ён паступіў у Пружанскае гарадское вучылішча, потым была вучоба на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах, літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). Захапленне народнай беларускай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве, а ў час вучобы і настаўніцкай працы Рыгор Шырма пачаў запісваць народныя песні, паданні. Нават у перыяд эвакуацыі ў Расію ў 1914–1921 гг. ён не спыняў збіральніцкай працы.

З 1922 г. пачаўся шлях Р.Р. Шырмы як харавога дырыжора. У гэты час музыкант арганізаваў хор у Пружанах, і малады калектыў хутка набыў вядомасць у Заходняй Беларусі. У 1926 г. ён пераехаў у Вільню, дзе стаў стваральнікам і кіраўніком Хору Беларускага студэнцкага саюза.

Не менш значнай была грамадская дзейнасць Рыгора Раманавіча: шмат гадоў ён працаваў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), дабіваўся ад польскіх улад дазволу на права навучання на роднай мове. Быў арганізатарам і выдаўцом друкаванага часопіса “Беларускі летапіс” (орган ТБШ), які выходзіў у Вільні ў 1933–1939 гг.

Шырока разгарнулася творчая дзейнасць Р.Р. Шырмы пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ён збіраў і апрацоўваў народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 г. Дзяржаўная харавая капэла БССР). У канцы 1940 г. калектыў з вялікім поспехам выступіў у Мінску, а ў 1941 г. – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні “А ў полі вярба”, “Ці ня быстрая рэчка”, “Ой, у садочку цвіла лілея”, “Там, за садамі”, “Ой, выйшла маці” і інш. Шмат сіл і энергіі аддаў Р.Р. Шырма харавой капэле, якая з 1978 г. носіць яго імя.

На працягу ўсяго жыцця Р.Р. Шырма займаўся даследаваннем фальклору. Ён запісаў больш за 2000 народных песень, якія сабраны ў чатырох тамах зборніка “Беларускія народныя песні” (1959–1976) і іншых выданнях. Рыгор Раманавіч – лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі (1966,1974). Ён пакінуў багатую публіцыстычную спадчыну, лепшыя ўзоры якой прадстаўлены ў кнізе “Песня – душа народа”. З 1966 г. і да канца жыцця Р.Р. Шырма быў старшынёй праўлення Саюза кампазітараў Беларусі і сакратаром праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1977 г. атрымаў ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея: фатаграфіі кампазітара розных часоў, дакументы, зборнік песен пад музычнай рэдакцыяй Р.Шырмы, праграмы канцэртаў Харавой капэлы.