Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Кадры жыцця"

  • 23.02.2022
З 25 лютага пачынае працу выстаўка да 105-годдзя з дня нараджэння Фёдара Шмакава “Кадры жыцця”

Фёдар Іванавіч Шмакаў нарадзіўся 1 сакавіка 1917 г. у Петраградзе. У 1939 г. скончыў Ленініградскі тэатральны інстытут. Пасля заканчэння інстытута працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве. У 1941 г. перайшоў у склад трупы Другога беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), дзе працаваў больш за 60 год, таксама выкладаў у студыях пры тэатры. У 1944 г. выступаў у складзе франтавой тэатральнай брыгады. З 1960-х гг. пачаў працаваць і як рэжысёр. Сярод пастановак “Шануй бацьку свайго” В. Лаўрэнцьева, “Бацькаўшчына” К. Чорнага, “Сямнаццаць імгненняў вясны”, Ю. Сямёнава і У. Токарава, “Несцерка” В. Вольскага. На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Валодаў рэдкім сцэнічным абаяннем, шчырасцю, здольнасцю прыцягнуць увагу гледача да працэсу мыслення на сцэне. З тонкім псіхалагізмам, эмацыянальна даследуе багаты ўнутраны свет сучаснікаў: Сяргей Горлаў (“Фронт” А. Карнейчука), Васкоў      (“А досвіткі тут ціхія …” паводле Б. Васільева). Шматгранныя характары стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары. Народнасць, арганічнае адчуванне стыхіі народнага гумару выявіліся ў ролі Несцеркі (В. Вольскі). Мастацкім адкрыццём прыгажосці, адметнымі якасцямі чалавечай душы вызначыліся яго станоўчыя персанажы: Верас (“Пяюць жаваранкі” К. Крапівы), Аксён Каль (“Навальніца будзе” паводле Я. Коласа), Быкевіч (“Лявоніха” П. Данілава), Лемяшэвіч, Яраш, (“Крыніцы”, “Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна).

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1968), прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка», ордэнамі «Знак Пашаны». Ганаровы грамадзянін Віцебска. Народны артыст БССР (1959) і СССР (1975).

Выстаўка стане працягам пастаяннай экспазіцыі музея, прысвечанай Ф.І. Шмакаву і будзе дапоўнена апошнімі паступленнямі ў фонды: фотаздымкамі акцёра са спектакляў, тэатральнымі праграмамі.