Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Тэатральны відарыс"

  • 17.03.2022
18 сакавіка пачынае працу выстаўка сцэнаграфіі Лідзіі Малашэнкі “Тэатральны відарыс”.

“Тэатральны відарыс” – вобразы і сілуэты, якія знайшлі сваё месца ў тэатральных пастаноўках мастачкі. Рамантычыя і гераічныя, містычныя і камічныя абрысы герояў, іх асяроддзе і прастора, якія з маленькіх эскізаў перайшлі на рэальную сцэну. Сцэнограф Лідзія Малашэнка адчыніць свой куфар мастацкіх вобразаў і тэатральных пошукаў. Ад эскіза і макета да рэальнага касцюма і афішы, якія ствараюць першае ўражанне спектакля. Відарыс – назва, якая аб’ядноўвае і эскіз, і рэальную прастору, і тэатральную мізансцэну – усе этапы падрыхтоўкі мастака да спектакля, мінуючы працу ў тэатральных цэхах.

На выстаўцы будуць прадстаўлены эскізы, макеты, тэатральныя плакаты і касцюмы спектакляў – сцэнаграфічныя вырашэнні, якія знайшлі сваё месца на сцэне ці ў сілу розных абставін засталіся ў відарысах, чакаючы свайго часу.

Лідзія Малашэнка нарадзілася 26 снежня 1992 г. у Мінску. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “жывапіс тэатральна-дэкарацыйны” на курсе народнага мастака Барыса Герлавана. У 2013 і 2016 гг. прайшла курс пластычнага грыму школы Дзяніса Райкова (Санкт-Пецярбург). У 2019 г. скончыла магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “тэатразнаўства”. З 2018 г. мастак-пастаноўшчык Новага драматычнага тэатра г. Мінска. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, таксама ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2018 г. з’яўляецца сябрай Беларускага саюза мастакоў.

Удзельніца шматлікіх выстаў, куратар, пластычны грымер. За сваю кар’еру паставіла як мастак па касцюмах, сценаграфіі і грыму каля 30 праектаў у тэатры, кіно, рэкламе. Сярод іх: у тэатры – “Мікітаў лапаць” М.Чарота, “Дзяды” А.Міцкевіча, “Дзень” С.Мрожэка; у кіно – кароткаметражны фільм “Рыба дзён маіх”, фільм у жанры фэнтэзі “Неруш”.