Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Ілюстрацыі твораў беларускіх пісьменнікаў на тэатральнай сцэне” (сцэнаграфія А.П.Марыкса)

  • 21.04.2022
Аскар Пятровіч Марыкс – мастак тэатра, графік, педагог, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага дэкаратыўнага мастацтва, народны мастак Беларусі.

Нарадзіўся 20 снежня 1890 г. у Львове. У 1916 г. скончыў Венскую акадэмію мастацтва па класу архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Далейшую адукацыю атрымліваў як вольны слухач платных мастацкіх студый Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Расіі. У гэты ж перыяд актыўна працаваў у тэатрах і прымаў удзел у выстаўках. З 1921 г. пачаў працаваць як мастак у Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), з 1922 г. – галоўны мастак.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Аскар Пятровіч працаваў галоўным мастаком у Другім беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2). За сваю кар’еру афармляў спектаклі для Беларускага тэатра юнага гледача, Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М.Горкага, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Пінскага і Бабруйскага тэатраў і іншых тэатраў Беларусі і замежжа.

Сцэнаграфія Марыкса вызначаецца рэалістычнай выразнасцю, глыбокім веданнем эпохі, індывідуальнасцю стылю, кампазіцыйнай мэтазгоднасцю, адпаведнасцю інтэрпрэтацыі аўтарскай задумкі. Як разнапланавы мастак, Аскар Пятровіч плённа працаваў з творамі рускіх і замежных аўтараў. Але значную частку яго творчасці займалі пастаноўкі беларускіх пісьменнікаў. У розныя гады на сцэне беларускага тэатра Аскар Марыкс аформіў дэкарацыі да спектакляў “Машэка”, “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль-ваявода” Е.Міровіча, “Несцерка” В.Вольскага, “Паўлінка” Я.Купалы, “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Салавей” З.Бядулі, “На Купалле” М.Чарота.

Менавіта да гэтых спектакляў па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў і будзе прадстаўлена сцэнаграфія мастака.

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.