Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 95-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Юрыя Сідарава «Тэатральныя вобразы Юрыя Сідарава»

  • 04.05.2022
З 5 мая пачынае працу выстаўка да 95-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Юрыя Сідарава  «Тэатральныя вобразы Юрыя Сідарава»

 Юрый Уладзіміравіч Сідараў – беларускі акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі.

Нарадзіўся 8 мая 1927 г. у с. Рап’ёўка, Саратаўскага павета,Саратаўскай губерні. У 1945 г. Юрый Уладзіміравіч паступіў у Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя М. С. Шчэпкіна, якое скончыў на выдатна ў 1949 г. Неўзабаве атрымаў спецыяльнасць акцёр драматычнага тэатра і кіно і быў накіраваны на працу ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, дзе прапрацаваў пяць гадоў.

У 1954 г., па загаду Галоўнага ўпраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР, Юрыя Уладзіміравіча перавялі на працу ў Рускі тэатр БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага). Юрый Сідараў адразу атрымаў вядучае месца ў гэтым тэатры і зарэкамендаваў сябе як акцёр з разнапланавым талентам. Яго ролі мелі дбайную псіхалагічную распрацоўку, пачуццё формы, сучаснасць гучання і вялікую тэатральную культуру. Юрыю Уладзіміравічу атрымоўвалася аднолькава бліскуча выконваць ролі гераічнага, камедыйнага, а таксама бытавога плана. Створаныя Сідаравым шэраг вобразаў сучаснага, а таксама класічнага рэпертуару атрымалі высокую ацэнку прэсы і прызнанне гледачоў: лейтэнант Наганаў, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Дзеля жыцця» К. Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» А. Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А. Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле В. Быкава), Мікіта («Улада цемры» Л. Талстога), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра», «Макбет» У. Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера). Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Дж. Кілці) і інш.

Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

Творчасць Сідарава заўсёды суправаджалася актыўнай педагагічнай дзейнасцю. Свой вялізны вопыт Юрый Уладзіміравіч з ахвотай перадаваў творчай моладзі, а таксама студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

На выстаўцы будуць прадстаўлены асабістыя рэчы артыста, фотаздымкі, афішы і праграмы да спектакляў.

 

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.