Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Канцэрт да 150-годдзя з дня смерці Станіслава Манюшкі "Прамяністыя спевы"

  • 12.05.2022

20 мая 2022 года, у 17.00 у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца канцэрт “Прамяністыя спевы Станіслава Манюшкі”. Новая праграма складзена з твораў кампазітара на словы: А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота, А. Адынца, Ю. Корсака, Ю. Ходзькі, Ю. Масальскага. Многія песні будуць прадстаўлены ў беларускіх перакладах упершыню. Творы прагучаць у выкананні саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, лаўрэата міжнародных конкурсаў Юрыя Гарадзецкага (тэнар) і салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік (мэца-сапрана). Партыя фартэпіяна і вядучая канцэрта кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай.

Станіслаў Манюшка – выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі. Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель на Міншчыне. Вучыўся музыцы ў знакамітага мінскага педагога Дамініка Стэфановіча, пазней працягнуў навучанне ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне.

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск юнаком, родны горад вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі: «Канторскія служачыя», «Латарэя», «Рэкруцкі набор». У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. У творчай спадчыне Манюшкі, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат – больш за трыста песень на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, А. Адынца, Т. Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць «Хатніх спеўнікаў».

Канцэрт прымеркаваны да 150-й гадавіны смерці кампазітара.

Уваход на канцэрт па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.