Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Сон смешнага чалавека"

  • 23.05.2022

24 мая пачынае працу выстаўка “Сон смешнага чалавека”

 У 1999 г. на сцэне Тэтра-студыі кінаакцёра адбылася прэм’ера монаспектакля “Сон смешнага чалавека” па апавяданні Ф. М. Дастаеўскага. Галоўную ролю выканаў акцёр Андрэй Бубашкін.

Па матывах знакамітага спектакля і трагічнага лёсу Андрэя Бубашкіна заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уродніч стварыў жывапісную працу “Сон смешнага чалавека”. У аснове твора – дыялог Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага і акцёра аб супярэчнасцях дабра і зла, але галоўнае – аб абыякавасці, якая суправаджае чалавечы лёс, калі людзі неапраўдана падзяляюць сябе так званымі “шлагбаўмамі”. Акцёр паказаны ў касцюме персанажа, у якім ён выходзіў на сцэну тэатра і на гастролях.

Нарадзіўся Андрэй Мікалаевіч Бубашкін 4 мая 1958 г. у г. Лідзе Гродзенскай вобласці. Скончыў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (Масква), майстэрня Аляксея Баталава. Пасля вучобы быў накіраваны ў Мінскі Тэатр-студыю кінаакцёра. Тут у 1997 г. стварыў пастаноўку па апавяданні Ф. М. Дастаеўскага “Сон смешнага чалавека”. У той час гледачы не вельмі наведвалі тэатры, але на Бубашкіна публіка ішла. Зала заўсёды была перапоўнена, каму не хапала месцаў, стаялі ў праходзе. Дзякуючы такой папулярнасці спектакля Андрэй Бубашкін адправіўся на гастролі ў ФРГ, якія прайшлі з вялікім поспехам. Але дарога дадому скончылася трагедыяй. 30 мая 1999 г. Андрэй Бубашкін прапаў без вестак.

На выстаўцы будзе прадстаўлена карціна мастака, а таксама фотаздымкі акцёра і афіша спектакля.

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.