Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 70-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Ціхановіча Аляксандра Рыгоравіча

  • 13.07.2022

Нарадзіўся спявак 13 ліпеня 1952 г.у Мінску. Падчас вучобы ў Сувораўскім ваенным вучылішчы іграў на трубе ў ваенным духавым аркестры. У гэтыя ж гады ўваходзіў у склад маладзёжнага гурта «Факіры», які выконваў папулярныя эстрадныя кампазіцыі. Скончыў Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага і духавое аддзяленне (труба) Беларускай кансерваторыі.

У 1973 г. стаў удзельнікам папулярнага мінскага ВІА "Верасы". У ансамблі іграў на бас-гітары і трубе, выконваў вакальныя партыі. Удзельніцай ансамбля «Верасы» была і Ядвіга Паплаўская, якая стала жонкай Аляксандра Ціхановіча. У 1986 г. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч сышлі з «Верасоў», а ў 1987 г. сталі салістамі толькі што арганізаванага Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Пасля перамогі на конкурсе "Песня-88" з песняй "Шчаслівы выпадак" (музыка Эдуарда Ханка, словы Ларысы Рубальскай) разам з Ядвігай Паплаўскай стварыў дуэт з аднайменнай назвай. Пазней на аснове дуэта «Шчаслівы выпадак» сфарміраваўся аднайменны гурт, у якім Ціхановіч граў на бас-гітары і быў вакалістам. Гурт удзельнічаў у фестывалі "Залатая ліра" (Беларусь), гастраляваў у Расіі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Германіі, Югаславіі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Францыі, Канадзе і Ізраілі. У 1988 г. разам з жонкай арганізаваў Тэатр песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, які быў пераўтвораны ў прадзюсарскі цэнтр, які падрыхтаваў шмат маладых беларускіх выканаўцаў.

Аляксандр Ціхановіч з'яўляўся аўтарам і вядучым некалькіх музычных тэлевізійных праектаў. Адзін з іх – тэлеконкурс песні "Хіт-момант" – быў прызнаны лепшым беларускім тэлевізійным музычным праектам і стаў стартавай пляцоўкай для многіх прадстаўнікоў маладога пакалення беларускай папулярнай музыкі.

Аднак асноўным полем дзейнасці Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай з'яўляліся шматлікія выступленні ў розных музычных праграмах, а таксама сольныя канцэрты, якія з кожным годам збіралі ўсё больш слухачоў як у Беларусі, так і ў многіх краінах блізкага і далёкага замежжа.

Памер Аляксандр Ціхановіч 28 снежня 2017 г. Да апошніх дзён артыст выступаў з канцэртамі і захоўваў кантакты з паклоннікамі.