Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Усё жыццё ў свеце рамп"

  • 01.07.2022

З1 жніўня пачынае працу выстаўка да 100-годдзя з дня нараджэння заслужанай артысткі Беларусі Алімпіяды Іванаўны Шах-Парон

“Усё жыццё ў свеце рамп”.

 

Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон нарадзілася 5 жніўня 1922 г. у вёсцы Шчарбачоўка Суджанскага раёна Курскай вобласці Расіi. Бацька Алімпіяды вельмі любіў тэатр і перадаў сваё захапленне дачцэ. Свае першыя ролі яна выконвала ўжо ў школьным драмгуртку.У 1940 г. Алімпіяда Іванаўна паступіла ў творчую майстэрню Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча, у 1944 г. пераехала ў Мінск, дзе працавала канферансье ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1945 па 1946 г.з’яўлялася актрысай тэатра Ленінскага камсамола Беларусі ў Брэсце, а з 1946 па 1947 г. – актрысай Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра.

З 1 жніўня 1947 г. і да апошніх дзён жыцця служыла ў Нацыянальным акадэмічным драматычнымтэатры імя М. Горкага. На яго сцэне Алімпіяда Іванаўна сыграла каля ста роляў: Лідзіі (“Шалёныя грошы” А. Астроўскага), баранесы Штраль (“Маскарад” М. Лермантава), Алены Пратасавай, Сакаловай, Клеапатры, (“Дзеці сонца”, “Апошнія, “Ворагі” М. Горкага), Дэздэмоны, Рэганы (“Атэла”, “Кароль Лір” У. Шэкспіра), Іветы (“Матухна Кураж і яе дзеці” Б. Брэхта) і многія іншыя.

У 1954 г. Алімпіяда Іванаўна дэбютавала ў кіно, зняўшыся ў ролі Соф’і Якаўлеўны ў фільме “Хто смяецца апошнім” (рэж. В. Корш-Саблін) паводле аднайменнай сатырычнай камедыі К. Крапівы. Высокім прафесіяналізмам, насычанымі псіхалагічнымі фарбамі адрозніваліся вобразы Ганны Вырубавай у тэлеспектаклі “Крах” паводле п’есы А. Талстога і П. Шчогалева “Змова імператрыцы” (1966) і Жаны Уладзіміраўны ў тэлеспектаклі “Чужыя і блізкія…” па п’есе “Жана”А. Галіна (1998).

Алімпіядзе Шах-Парон быліпадуладны і драматычныя, і характарна-камедыйныя ролі, уласціва творчая індывідуальнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць сцэнічнага характару, эмацыянальнасць, мяккі гумар, тонкая іронія, лірызм і драматызм. Кожны створаны вобраз пазначаўся непаўторнай адметнасцю, насычанасцю псіхалагічных фарбаў і адценняў, штовыяўляла багаты тэмперамент выканаўцы. Яе гераіні заўсёды былідзейсныя, мэтанакіраваныя, прывабныя духоўнасцю, багатым унутраным светам.

На выстаўцы будуць прадстаўлены фотаздымкі артысткі, а таксама праграмкі да спектакляў з яе ўдзелам.

 

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.