Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Мастацтва ў фарфоры і ў часе”

  • 10.08.2022

З 12 жніўня пачынае працу выстаўка “Мастацтва ў фарфоры і ў часе”.

 Фарфор нездарма лічыцца “белым золатам”. Гэта незвычайны матэрыял: белы, тонкі, вонкава далікатны, але пры гэтым адрозніваецца дастатковай трываласцю. Сярод усіх матэрыялаў, вядомых у гісторыі прыкладнога мастацтва, фарфор прызнаны элітным. Адрозніваецца ён тым, што асабліва лёгка і шырока аб’ядноўвае, па волі мастака, пластычны аб’ём і колер, разнастайную лепку са шматаблічнай афарбоўкай, роспісам і малюнкам.

У сілу сваёй матэрыяльнай структуры фарфор валодае вельмі багатымі пластычнымі якасцямі. Ён лёгка можа ўвасабляць як мяккія, павольна бягучыя, абагульненыя скульптурныя формы, так і вельмі вострыя і тонкія, ствараць рэзкія контуры, недаступныя іншым відам прыкладнога мастацтва. Нараўне з адносна буйнымі формамі яму даступныя драбнюткія дэталі, найтонкая мініяцюра. Спалучэнне гэтых якасцей дазваляе ствараць самую разнастайную скульптуру і блізка падыходзіць да натуры.

Выстаўка аб’ядноўвае вытанчаныя творы, якія дэманструюць разнастайныя тэхнікі і ўнікальнае майстэрства мастакоў-фарфарыстаў. Далікатныя героі жывуць сваім жыццём, у кожнага свая гісторыя і свой фарфоравы лёс. Калі аднойчы пакласці гэтую філасофію на паперу, то атрымаецца дастаткова цікавы падзейны шэраг, звязаны з гісторыяй развіцця мастацтва.

На выстаўцы прадстаўлены фарфор з калекцыі В.Г.Суворава. Віктар Генадзьевічуваходзіць у праўленне Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў. Больш за 40 гадоў прысвяціў калекцыяніраванню.

Наведвальнікі часовай экспазіцыі ўбачаць больш за сто вобразаў спевакоў, музыкантаў, танцораў, балерын, артыстаў цырка, кіно і тэатра, а таксама серыю бюстаў кампазітараў. Усе прадстаўленыя фарфоравыя персанажы і прадметы, якія адлюстроўваюць разнастайнасць мастацтва, зроблены ў пасляваенны перыяд другой паловы XX стагоддзя і па цяперашні час.

 

 Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.