Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 115 - годдзя з дня нараджэння Здзіслава Францавіча Стомы

  • 17.08.2022

Здзіслаў Францавіч Стома-   акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі і СССР.  Нарадзіўся 17 жніўня 1907 г. у Мінску.

У 1929 годзе пасля сканчэння драматычнай студыі Польскага  вандроўнага тэатра БССР  Здзіслаў Стома  пачаў сваю акцёрскую дзейнасць  ў гэтым жа тэатры. Затым працаваў  у тэатрах Украіны, у Беларускім тэатры юнага гледача імя Крупскай.

З 1940  года Здзіслаў Стома  акцёр Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).

За сваю творчую дзейнасць Здзіслаў Стома  выканаў каля 500 роляў. Асаблівай вышыні дасягнуў у стварэнні нацыянальных беларускіх вобразаў, у раскрыцці шматзначных маляўнічых рыс беларускага нацыянальнага характару. Вострахарактарны і камедыйны акцёр. Ён валодаў прыродным талентам, адмысловай тэхнікай сцэнічнага выканання, дасканалай пластыкай, багатай палітрай інтанацый, мімікі, жэста, здольнасцю да імправізацыі.

Вобразы з беларускага рэпертуару ў яго трактоўцы набылі своеасаблівае гучанне: Быкоўскі і Пустарэвіч “Паўлінка” Я. Купалы, Куторга “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, Глушак  “Людзі на балоце” паводле І. Мележа.

За рознымі спосабамі ўвасаблення характараў, за канкрэтнасцю персанажаў у Стомы заўсёды адчуваўся сацыяльны аналіз роляў, іх псіхалагічная неадназначнасць: Хлопаў “Рэвізор” М. Гогаля, Белагубаў “Даходнае месца” А. Астроўскага, Епіходаў “Вішнёвы сад” А. Чэхава, Афанасій Мацвеевіч “Дзядзечкаў сон” паводле Ф. Дастаеўскага, Бенвіліо і Пароль “Рамэо і Джульета і “Канец  - справе вянец” У. Шэкспіра і інш.

У 1949 годзе пачынае здымацца ў кіно -  фільмы: “Чырвонае лісце”, Міколка-парвоз”, “Канстанцін Заслонаў”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я Францыск Скарына”, “Запомні гэты дзень” і інш.

У 1961 годзе Здіславу Стома  нададзена  званне  народнага  артыста Беларусі.

У 1966 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

З 1968 года Здзіслаў Стома народны артыст СССР.

Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 7-га склікання.

Памёр 21 ліпеня 1992 г, пахаваны на Ўсходніх могілках.