Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 115-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Леаніда Гдальевіча Рахленкі “Тэатральны партрэт”

  • 06.09.2022

З 6 верасня пачынае працу выстаўка да 115-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Леаніда Гдальевіча Рахленкі “Тэатральны партрэт”.

 У гісторыі беларускай тэатральнай культуры XX ст. асобнае месца займае дзейнасць выдатнага акцёра і рэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Леаніда Гдальевіча Рахленкі.

Нарадзіўся артыст ў г.п. Церахоўка Добрушскага раёна. З тэатральным мастацтвам упершыню пазнаёміўся ў дзяцінстве, дзякуючы вандроўным тэатрам. У 1925 г. паступіў у Ленінградскі інстытут сцэнічнага мастацтва. Адначасова з вучобай пачаў працаваць у Ленінградскім рабочым тэатры пралеткульта. У 1929 г. адбылася сустрэча маладога артыста з мастацкім кіраўніком Першага беларускага дзяржаўнага тэатра Е. Міровічам. З гэтага часу ўсё жыццё Л. Рахленкі было звязана з гэтым вядучым тэатрам Беларусі. У тэатры ён сумяшчаў дзве прафесіі – акцёра і рэжысёра. У 1937–1943 гг. быў мастацкім кіраўніком тэатра. У 1956–1958 гг. і 1967–1969 гг. сумяшчаў акцёрскую і рэжысёрскую працу з дзейнасцю мастацкага кіраўніка студыі пры тэатры.

На купалаўскай сцэне Л. Рахленка выконваў самыя розныя ролі.Сярод іх – Тысаферн з п’есы “…Забыць Герастрата!” Р. Горына, Старац з “Раскіданага гнязда” Я. Купалы, Салавей з аднайменнага твора З. Бядулі і многія іншыя. На працягу не аднаго дзесяцігоддзя Л. Рахленка заставаўся нязменным выканаўцам ролі Гарлахвацкага ў камедыі “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы. Гэта роля стала вяршыннай у творчасці артыста.

У якасці рэжысёра ў 1930 г. ён паставіў разам са славутым Е. Міровічам спектакль “Лінія агню” Н. Нікіціна, а ў сярэдзіне і другой палове трыццатых гадоў ужо самастойна ажыццявіў пастаноўкі п’ес “Жыццё кліча” У. Біль-Белацаркоўскага, “Ваўкі і авечкі”А. Астроўскага, “Скупы” Ж.-Б. Мальера. Ставіў спектаклі з такімі знакамітымі рэжысёрамі, як Л. Літвінаў, К. Саннікаў, І. Раеўскі.

Артыст здымаўся ў фільмах “Хто смяецца апошнім”, “Міколка-паравоз”, “Палеская легенда”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы” і “Веснавыя навальніцы”.

Творчую працу Л. Рахленка плённа спалучаў з грамадскай, пастаянна дапамагаў самадзейным тэатральным калектывам, выступаў у шэфскіх спектаклях. Быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.