Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 115-годдзя з дня нараджэння Ісідара Міхайлавіча Балоціна

  • 08.09.2022

Балоцін Ісідар Міхайлавіч (сапр. імя Ізраіль Рувімавіч Балотны) - беларускі спявак, лірыка-драматычны тэнар, народны артыст БССР. Нарадзіўся 8 верасня 1907 года ў Бабруйску.

Скончыўшы музычны тэхнікум у Мінску ў 1930 годзе, ужо на наступны год Ісідар Балоцін дэбютаваў на сцэне Беларускай опернай студыі ў партыі Звездачота ў оперы «Залаты пеўнік» Рымскага-Корсакава. У 1933 годзе стаў салістам беларускага тэатра оперы і балета, дзе праслужыў, з перапынкамі, да канца сцэнічнай кар'еры. Падчас вайны Балоцін спяваў у Свярдлоўскім оперным тэатры, уваходзіў у франтавыя канцэртныя брыгады. На адзін ваенны сезон быў запрошаны ў трупу Вялікага тэатра. У 1945 годзе вярнуўся ў Мінск.

Балоцін валодаў гібкім выразным голасам, высокай прыроднай музыкальнасцю, пачуццём музычнага стылю. Майстэрства пераўвасаблення дазваляла яму ствараць вобразы самага рознага характару.

Ісідар Міхайлавіч меў вялікі і рознабаковы камерны рэпертуар, значнае месца ў якім належала рамансам беларускіх кампазітараў і беларускім народным песням.

Усяго ў рэпертуары больш за 60 партый. Выканаў партыі ў нацыянальных спектаклях: Саўка («У пушчах Палесся» А. Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А. Туранкова), Сёмка («Алеся» Я. Цікоцкага).

Выконваў лепшыя партыі опернай класікі: Ленскі («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э. Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Д. Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Д. Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б. Сметаны), Дамазы («Страшны двор» С. Манюшкі; у гэтай партыі выступіў на сцэне Варшаўскай оперы, 1955).

Акрамя творчай дзейнасці Ісідар Міхайлавіч прымаў актыўны удзел ў грамадскім жыцці краіны. У 1947-1959 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр 7 снежня 1961 года ў Мінску.