Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Жыццё аддадзенае тэатру” да 85-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Б.А. Масумян

  • 15.09.2022

З 15 верасня пачынае сваю працу выстаўка “Жыццё аддадзенае тэатру” да 85-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Б.А. Масумян.

 

Немагчыма не заўважыць на беларускім тэатральным небасхіле адну з самых яркіх актрыс Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Бэлу Амікаўну Масумян.

Нарадзілася яна ў г. Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці (Украіна). Вучылася ў гімназіі ў Вільнюсе. У 1961 г. скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.Выпускніцу інстытута Б. Масумян запрасілі ў Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага.

Адной з першых роляў, што сыграла Бэла Амікаўна Масумян на прафесійнай сцэне, была Вара Харламава (“Узнятая цаліна” паводле М. Шолахава).

Творчую манеру Бэлы Масумян адрознівалі эмацыйнасць, схільнасць да рамантычнай афарбоўкі і псіхалагічная глыбіня вобразаў. Сцэнічныя гераіні Бэлы – суцэльныя натуры, паэтычна ўзнёслыя, лірычныя.

Адной з самых важных для Б. Масумян была роля Гітэлі Моска ў спектаклі “Двое на арэлях” У. Гібсана, якая на працягу ўсёй творчай дзейнасці захоўвалася ў рэпертуары актрысы.

Паслужны спісак артысткі даволі доўгі: Вера, Таццяна (“Пад адным небам”, “Толькі адно жыццё” А. Маўзона), Вольга (“Аб’ява ў вячэрняй газеце” А. Паповай), Анвар (“Узыходжанне на Фудзіяму” Ч. Айтматава і К. Мухамеджанава), Маша (“Тры сястры” А. Чэхава), Этэль (“На Залатым возеры” Э. Томпсана) і інш. Народнай артыстцы Беларусі (1995) за прафесійнае майстэрства і стварэнне высокамастацкіх вобразаў у спектаклях тэатральнага сезона 2010/11 г. была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2012). Яшчэ Бэла Амікаўна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны (2007), вышэйшым прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Хрустальная Паўлінка” (2009), медалём Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва” (2011).

На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі артысткі ў ролях, сцэн са спектакляў з яе ўдзелам, праграмкі да спектакляў.

 

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.