Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



паведамленне пра заслужаную артыстку Беларусі Ірму Яўнзем

  • 27.09.2022

Знакамітая спявачка, заслужаная артыстка Беларусі Ірма Пятроўна Яунзем належала да лiку тых майстроў, якiя атрымалі прызнанне далёка за межамі нашай краіны. Самабытны талент, прыгожы моцны голас і артыстызм дапамагалі ёй выконваць не толькі класічныя камерныя творы, але і народныя песні. Нарадзілася 27 верасня 1897 года ў Мінску. Пасля заканчэння гімназіі ў 1915 г. паступіла ў Петраградскую кансерваторыю на аддзяленне вакалу і фартэпіяна, але скончыць вучобу не давялос з-за рэвалюцыйных падзей 1917 г.

У канцы 1921 г. І. Яунзем вярнулася ў Мінск. Яна не змагла ўладкавацца на працу і ездзіла з адной з сясцёр па беларускіх вёсках, дзе выменьвала свае рэчы на прадукты харчавання. Пад час гэтых паездак збірала беларускія народныя песні, сярод якіх «Песня пастуха» і «Калыханачка», што пазней занялі пастаяннае месца ў яе багатым рэпертуары. Ірма Яунзем запісвала песні ў самых глухіх вёсках краіны, апрацоўвала іх і выконвала ў канцэртах разам з опернымі арыямі і рамансамі.

 У 1923 г. І. Яунзем была накіравана ў Маскву на выкладчыцкую работу ў Беларускую драматычную студыю. У 1925 г., пасля заканчэння камандзіроўкі, засталася ў сталіцы і да 1963 г. з'яўлялася салісткай Маскоўскай філармоніі.

На працягу свайго творчага жыцця Iрма Пятроўна назапасiла вялікі рэпертуар народных песень i песень савецкiх кампазiтараў (больш за 5 тыс. песень на 64 мовах і дыялектах).Валодаючы цудоўнай вакальнай школай, увесь свой рэпертуар выконвала ў строгай акадэмiчнай манеры. Спяваючы песню, І. Яўнзем старалася перадаць нацыянальны характар твора дакладнымі, яркімі, выразнымі, пранiкнёнымі гукамі. Імкнулася ўлавіць самае важнае ў інтанацыі, рытмічнай адметнасці музычнай культуры кожнай нацыі. Спецыяльна дзеля гэтага яна ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі. Пабывала на Каўказе,Урале, у Сібіры, Казахстане, Сярэдняй Азіі, Алтаі.У 1926 г. была на гастролях у Кітаі, Карэі, Японіі. Праз год прымала ўдзел у Міжнароднай музычнай выстаўцы, што праходзіла ў Франкфурце-на-Майне, дзе выканала песні на 17 мовах.  Выдала зборнік «Революционные песни народов» (1931). Аўтар кнігі «Человек идёт за песней» (1968).

І. Яунзем стала пачынальнiцай новага жанру ў савецкай музычнай культуры. У 1967 годзе артыстка ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Ірма Яунзем памерла ў 1975 года ў Маскве.