Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Творчая майстэрня знакамітага рэжысёра” да 85-годдзя з дня нараджэння Барыса Луцэнкі

  • 04.10.2022

З 3 кастрычніка пачынае сваю працу выстаўка “Творчая майстэрня знакамітага рэжысёра” да 85-годдзя з дня нараджэння Барыса Луцэнкі.

Беларускі рэжысёр тэатра і кіно, педагог, народны артыст Беларусі (1975), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1995) Барыс Іванавіч Луцэнка нарадзіўся 16.09.1937 года ў г. Майкоп Краснадарскага краю.

У 1962 – 1967 гг. вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

У 1967 г. быў прыняты ў Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы. Яго дэбютная пастаноўка п’есы В. Розава “Традыцыйны збор” пакарыла сэрцы гледачоў. Сярод лепшых – “Рудабельская рэспубліка” паводле С. Грахоўскага (1968), “Памяць сэрца” А. Карнейчука (1970), “Зацюканы апостал” А. Макаёнка (1971), “Раскіданае гняздо” Я. Купалы (1972).

У 1973 г. Б. І. Луцэнка назначаны галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Падзеяй тэатральнага жыцця краіны стала пастаноўка спектакля “Макбет” па п’есе У. Шэкспіра. Больш за пятнаццаць гадоў у рэпертуары тэатра значылася гэта легендарная пастаноўка, якая пазнала вялікі поспех.

У перыяд 1973 – 1981 гг. Барыс Іванавіч Луцэнка стварае такія бліскучыя спектаклі, як “Апошняя інстанцыя” М. Матукоўскага, “Васіль Цёркін” А. Твардоўскага, “Вяртанне ў Хатынь”, “Апошнія“ М. Горкага.

З 1981г. па 1982 г. з’яўляўся рэжысёрам тэатра імя Янкі Купалы.

З 1982 па 1991 г. быў галоўным рэжысёрам тэатра-студыі кінаакцёра.

З 1991 года Барыс Іванавіч Луцэнка мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

За свой творчы шлях на сцэне краіны і за яе мяжой Барыс Іванавіч ажыццявіў пастаноўкі больш сотні спектакляў.

У 1997 годзе Б. Луцэнка ўзнагароджаны медалём Ф. Скарыны і адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», уладальнік Гран-пры Міжнародных фестываляў (1979, 2005) і прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка” (2013).

Памёр 5 лютага 2020 года.Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.