З 19 кастрычніка пачынае сваю працу выстаўка “Тэатр, час, жыццё…” да 90-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага
Гісторыя стварэння тэатра бярэ свой пачатак у 20-я гады мінулага стагоддзя. Яго заснавальнікам быў У. Кумельскі – прадстаўнік славутай мхатаўскай школы, рэжысёр і акцёр, які ў 1928 г. стварыў у Магілёве рускую вандроўную трупу. Зімні сезон акцёры ігралі ў Магілёве, летні – у Бабруйску. Своеасаблівай творчай справаздачай сталі гастролі ў Мінску ў жніўні – верасні 1931 г., пасля якіх калектыў атрымаў высокую ацэнку. У гэтым жа годзе трупа стала называцца Першым рускім тэатрам БССР, а ў кастрычніку 1932 г. атрымала статус Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. Яго афішы прапаноўвалі гледачам спектаклі па п’есах М. Горкага, М. Гогаля, А. Сухава-Кабыліна, Ф. Вольфа, Ж. Б. Мальера.
У 1936 годзе трупа папоўнілася новымі сіламі–прыйшлі Д.Арлоў, Г.Абуховіч, В. Канаплянскі, М. Аблаў.У гэты час фарміравалася артыстычнае аблічча тэатра, нараджаліся выдатныя спектаклі: "Скутарэўскі" паводле рамана Л.Лявонава з У. Кумельскім у галоўнай ролі, "Ганна Карэніна" і "Беспасажніца" з Г. Абуховіч у галоўнай ролі, "Аптымістычная трагедыя", "Сымон Карызна" паводле М. Зарэцкага.
У адпаведнасці з ідэйна-мастацкай праграмай тэатра і так званым сацыяльным заказам асаблівай увагай карысталася драматургія М. Горкага, якая давала магчымасць увасобіць псіхалагічна складаны і сацыяльна акрэслены чалавечы тып.
Спектаклі "Ягор Булычоў і іншыя" і "Рэвізор" можна лічыць вышэйшым дасягненнем Рускага тэатра даваенных гадоў. Менавіта тады быў закладзены падмурак, на якім пасля вырасталі выдатныя акцёры і рэжысёры, якія прынеслі славу тэатру.
У 1936 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў А. Данаці, з 1939 г. – Д. Арлоў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны тэатр спыніў дзейнасць. У 1943 г. быў адноўлены ў Маскве як франтавы калектыў. Пасля працаваў у Магілёве, у Гродне.
З 1947 года тэатр трывала асталяваўся ў Мінску.
Дасягненні Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР пасляваенных гадоў звязаны з пастаноўкамі класічных твораў “Тры сястры” А. Чэхава, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра, “Цар Фёдар Іаанавіч” А. Талстога, п’ес А. Астроўскага. У 1950-я гг. калектыў узначальваў рэжысёр В. Фёдараў. Спектаклі гэтага перыяду па творах “Варвары” М. Горкага, “Каменнае гняздо” Х. Вуаліёкі, “Брэсцкая крэпасць” К. Губарэвіча вызначаліся маштабнасцю, яркімі вобразамі, а пастаноўка “Караля Ліра” У. Шэкспіра з А. Кіставым у галоўнай ролі прынесла сусветнае прызнанне. Плённым было супрацоўніцтва тэатра з рэжысёрамі М. Співаком і В. Рэдліх. Безумоўным дасягненнем тэатра стала трагедыя"Антоній і Клеапатра", пастаўленая В. Редліх ў 1964 годзе, з А. Клімавай і Р.Янкоўскім у галоўных ролях. У розны час на сцэне ішлі п’есы беларускіх драматургаў А. Маўзона, К. Губарэвіча, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дударава і інш.
Новы ўздым у творчасці тэатра звязаны з дзейнасцю Б. Луцэнкі. Серыя спектакляў, пастаўленых ім у розныя гады, прынесла сапраўдную славу і заслужаны поспех. Творчы дыяпазон пашырылі работы рэжысёраў С. Уладычанскага, Б. Дакутовіча, А. Даброціна, М. Сулімава, Б. Глаголіна, В. Маслюка, В. Грыгалюнаса, В. Ераньковай і інш. З 2009 г. мастацкі кіраўнік тэатра С. Кавальчык. У розны час у ім працавалі выдатныя майстры сцэны А. Кістаў, Ф. Шмакаў, Я. Карнавухаў і інш. Гледачам не толькі нашай рэспублікі, але і замежным аматарам тэатральнага мастацтва вядомы імёны акцёраў Г. Абуховіч, І. Лакштанавай, А. Шах-Парон, А. Клімавай, З. Асмалоўскай, Р. Янкоўскага, Б. Масумян і інш.
У красавіку 1994 г. за высокія дасягненні ў галіне сцэнічнага мастацтва тэатру было прысвоена ганаровае званне “Акадэмічны”. У 1999 г. ён атрымаў сучасную назву. Сёння найбольш значныя спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага працягваюць развіваць лепшыя традыцыі калектыву, узбагачаюць творчыя здабыткі і ставяць яго ў адзін шэраг з вядучымі тэатрамі краіны.
На выстаўцы будуць прадстаўлены афішы, праграмы і сцэнаграфія да спектакляў розных часоў. А таксама касцюмы, фотаздымкі і асабістыя рэчы вядомых дзеячаў тэатра.
Наведвальнікі ўпершыню змогуць пазнаёміцца з архівам Б. Луцэнкі, які передалі родныя рэжысёра.
Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выходных
Каса працуе: 11.00 – 18.30
Уваход наведвальнікаў: 10.00 – 18.30
Для дарослых:
Агляд экспазіцыі – 6 бел.руб.
Экскурсія – 7 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання:
Агляд экспазіцыі – 4 бел.руб.
Экскурсія – 5 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ:
Агляд экспазіцыі – 3 бел.руб.
Экскурсія – 4 бел.руб.
Для пенсіянераў:
Агляд экспазіцыі – 4 бел. руб.
Экскурсія – 5 бел.руб.
Прагляд міні-прадстаўлення
«Батлеечная інтэрмедыя» -
5 бел.руб. (групы да 25 чалавек)