Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



“Тэатральныя фарбы Яўгена Ждана” да 85-годдзя з дня нараджэння Я.І. Ждана

  • 22.11.2022

Яўген Іванавіч Ждан з’яўляецца яркім прадстаўніком сучаснага выяўленчага і тэатральнага мастацтва Беларусі.

Нарадзіўся ён 15 снежня 1937 года ў в. Тарэйкі, Нясвіжскага раёна, Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1961), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967).

Працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі (1967–1987). Быў галоўным мастаком Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (1987–1994), галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі (1995–2000). З 1963 Я. Ждан пачаў удзельнічаць у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках. З 1974 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. У 1982 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

У тэатры оперы і балета мастак аформіў балеты “Пасля балю” Г. Вагнера (1971), “Бахчысарайскі фантан” Б. Асаф’ева (1973), “Пахіта” (1973) і “Дон Кіхот” (1979) ,”Фаўст” Ш. Гуно (1972), “Русалка” А. Даргамыжскага (1974), “Галька” С. Манюшкі і “Іаланта” П. Чайкоўскага (1975), “Рыгалета” Дж. Вердзі (1981), “Медыум” Дж. Меноці (1989). У тэатры музычнай камедыі аформіў спектаклі “Паненка і хуліган” на музыку Д. Шастаковіча (1982), “Цыганскі барон” І. Штраўса (1997), “Севастопальскі вальс” К. Лістова (1998), “Даратэя” Ц. Хрэннікава (1999), “Вальпургіева ноч” Р. Вагнера (2003) і інш.

За вялікі ўклад у мастацтва Я. Ждан быў узнагароджаны медалямі Ф. Скарыны (1994), “За асобыя дасягненні ў мастацтве” (1996), стаў лаўрэатам Рэспубліканскага і Усесаюзнага конкурсаў творчай моладзі (1976), атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне” (1998). Быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа” (2007).

На выстаўцы будуць прадстаўлены сцэнаграфічныя творы да спектакляў, якія ставіліся на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі.

 

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.