Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 95 -годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Штэйна Сямёна Аляксандравіча

  • 06.01.2023

Штэйн Сямён Аляксандравіч  -  рэжысер  оперы,  народны артыст Беларусі.

Будучы рэжысёр нарадзіўся 7 студзеня 1928 г.  у Самары. Пачынаў свой творчы шлях яшчэ юнаком на сцэне Куйбышаўскага тэатра оперы і балета. Выходзіў у масоўках, выконваў невялікія ролі ў аперэтах.

У 1948 годзе Сямён Аляксандравіч паступіў на оперна – рэжысёрскі факультэт Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя

А.В. Луначарскага. Курс Б. Пакроўскага скончыў на выдатна.

 У 1953 годзе ён паставіў у родным тэатры “Чарадзейку”, і быў прыняты ў калектыў рэжысёрам – пастаноўшчыкам. З 1953 працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Варонежа, Новасібірска. У 1961 г.

С.А. Штэйн перайшоў на самастойную працу: перабраўся ў Варонеж, дзе заняў пасаду галоўнага рэжысёра Варонежскага музычнага тэатра. У хуткім часе рэжысёр быў адзначаны званнем заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР.

У 1970 г. атрымаў запрашэнне ў Беларускі тэатр  оперы і балета, дзе ставіў спектаклі больш за два дзесяцігоддзі. Значным унёскам С.А. Штэйна ў беларускае мастацтва з’яўляюцца яго пастаноўкі нацыянальных опер  ў  Дзяржаўным тэатры  оперы  і  балета   Беларусі.  Першым  такім   спектаклем   стала   опера Ю. Семяняка “Зорка Венера”. З цягам часу менавіта С.А Штэйн ажыццявіў  пастаноўкі спектакляў Дз. Смольскага “Сівая легенда”,

С. Картэса “Джардана Бруна”,  Г. Вагнера  “Шляхам жыцця”.

Вяршыняй яго прызнання можна лічыць спектаклі ў дзвух савецкіх тэатрах. У Ленінградскім Кіраўскім тэатры, выступаў рэжысёрам “Сілы лёсу” А. Вердзі. А ў Маскоўскім Вялікім тэатры ажыццявіў пастаноўку 5 спектакляў: “Досветкі тут ціхія”, “Баль маскарад”, “Паяцы”, “Вясковы гонар”, “Фаўст”.

С. А. Штэйн арыентаваўся на стварэнне  манументальных спектакляў, такіх  як  “Барыс Гадуноў” М.Мусаргскага  і “Вайна і мір” С. Пракоф’ева.

За чатыры дзесяцігоддзі рэжысёрскай кар’еры  Сямён Аляксандравіч паставіў каля васьмі дзясяткаў спектакляў.

У сталым узросце С.А. Штэйн стаў адаваць перавагу камернай оперы. Ён спрабаваў стварыць Мінскі камерны маладзежны оперны тэатр. Праз некаторы час часткова рэалізаваў сваю задумку у “Клубе сяброў оперы”, які збіраўся ў сталічным Доме мастацтваў і  ў самім тэатры. Там ён паставіў “Медыум” Дж. Меноцці, ”Альпійскую баладу” В. Губарэнка.

Апошнім    спектаклем   рэжысёра    стаў    твор    беларускага    кампазітара А. Бандарэнкі  “Князь Наваградскі”.

Творчасць С.А. Штэйна доўгія гады заставалася візітнай карткай айчыннай опернай рэжысуры. 

Памер 25 жніўня 1993 года.

Зараз  у Нацыянальным Акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь  ідзе толькі адзін спектакль, пастаўлены С.А.Штэйнам, -  “Баль  маскарад”  Дж.Вердзі.