Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 105-годдзя з дня нараджэння Асмалоўскай Зоі Васільеўны

  • 01.03.2023

Зоя Васільеўна Асмалоўская была адной з вядучых актрыс Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, на сцэне якога стварыла шэраг індывідуальных, па-асобаму абаяльных вобразаў, адметных яркім артыстызмам.

Нарадзілася 1 сакавіка 1928 года ў Оршы. Ужо вучачыся ў школе, выконвала ролі ў драматычным гуртку. Так і з'явілася цяга да тэатра і жаданне паступіць у тэатральны.

У 1952 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (кіраўніком курса быў Д. Арлоў) і пачала працавацьу Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Актрыса востра адчувала характарную адметнасць і эмацыянальны стан душы сваіх гераінь. Сярод найбольш значных работ на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра – Марына Казаніч («Гэта было ў Мінску» А. Кучара), Клава Аганькова («Дзяўчаты-красуні» А. Сімукова), Дуся («Таня» А. Арбузава), Далорэс («Каменны гаспадар» Л. Украінкі) і інш.

У 1954 г. актрыса была запрошана ў Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (з 1999 г. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага), дзе адразу праявіўся яе шматгранны талент. Якую б ролю не іграла З. Асмалоўская, галоўную ці эпізадычную, яна выконвала іх бліскуча.

Прафесійным майстэрствам, добрым густам, дакладным пранікненнем у стылявыя і жанравыя асаблівасці твораў пазначаны сыграныя З. Асмалоўскай ролі ў класічным рэпертуары: Акуліны («Улада цемры» Л. Талстога), Цвятаевай, Квашні, Глафіры і Ксеніі («Мяшчане», «На дне» і «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Матроны («Гарачае сэрца» А. Астроўскага), Анфісы («Тры сястры» А. Чэхава), Аўдоцці («Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава), а таксама ў пастаноўках па творах замежных аўтараў – Другой старой («Макбет» У. Шэкспіра), пані Аргант («Адзіны наследнік» Ж.Ф. Рэньяра), Селіі («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Марты («Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі), Жульеты («Падарожнік без багажу» Ж.Ануя), Мамкі («Іван-ды-Мар'я» У. Гольдфельда) і інш. Выступала З.Асмалоўская ў тэле- і радыёспектаклях, здымалася ў тэлевізійных і мастацкіх фільмах. Найбольш вядомымі сярод іх з'яўляюцца «Вось і лета прайшло» (1972), «Хлеб пахне порахам» (1973), «Апошняе лета дзяцінства», «Сяргееў шукае Сяргеева» і «Надзейны чалавек» (усе 1974), «Абочына» (1978) і інш.

У 1982 г. З. Асмалоўская стала заслужанай артысткай БССР. У 2001 г.  была ўзнагароджана прызам «За лепшую жаночую ролю» на фестывалі «Маладзечынская сакавіца».

Не стала Зоі Васільеўны 30 красавіка 2012 года.