Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Тэатральныя мастакі – выпускнікі Віцебскага мастацкага вучылішча

  • 10.03.2023

З 29 сакавіка пачынае працу выстаўка “Тэатральныя мастакі – выпускнікі Віцебскага мастацкага вучылішча” (да 105-годдзя заснавання вучылішча)

 

У пачатку ХХ ст. Віцебск быў адным з самых вядомых гарадоў, дзе высокімі тэмпамі развівалася сучаснае мастацтва. Заснавальнікам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, на той час адзінай прафесіянальнай мастацкай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з’яўляўся знакаміты мастак М. Шагал.

Назва вучылішча неаднаразова мянялася: у 1919-1920 – Першае вышэйшае народнае мастацкае вучылішча, у 1920-1921 – Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні, у 1921-1922 – Вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні, у 1922-1923 – Дзяржаўны мастацкі практычны інстытут. У 1922 адбыўся першы выпуск: дыпломы атрымалі 10 чалавек, 17 навучэнцаў былі пераведзены ў вышэйшыя мастацкія ўстановы Масквы і Петраграда. У верасні 1923 на базе інстытута быў заснаваны Віцебскі мастацкі тэхнікум (дырэктар М. Керзін). У 1934 тэхнікум рэарганізаваны ў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Захаваўся і склад выкладчыкаў, і мастацка-педагагічны профіль установы. Тэрмін навучання быў павялічаны да 5 гадоў (раней складаў 4 гады).

У розны час вучылішча ўзначальвалі М. Дабужынскі, М. Шагал, В. Ермалаева, І. Гаўрыс і інш. Сярод выкладчыкаў былі такія знакамітыя мастакі, як І. Тыльберг, Д. Якерсон, С. Юдовін, Ю. Пэн, М. Шагал, В. Ермалаева, К. Малевіч, І. Пуні, Н. Коган, Л. Лісіцкі, Р. Фальк, І. Ахрэмчык, П. Даркевіч, Ф. Фогт, Л. Лейтман, А. Мазалёў і інш. Педагогі прадстаўлялі розныя мастацка-стылявыя кірункі: ад рэалістычнага да экспрэсіянісцкага і авангардысцкага. Спачатку навучанне ў вучылішчы праводзілася на аснове творчых майстэрань, дзе кожны навучэнец мог выбраць педагога і мастацкі накірунак. Працавалі майстэрні малюнка, падрыхтоўчага курса, скульптуры, графікі, архітэктуры. Пасля пачалі дзейнічаць мастацка-педагагічнае, мастацка-графічнае і клубна-афарміцельскае аддзяленні. Навучанне праходзіла на жывапісным, скульптурным і архітэктурна-тэхнічным факультэтах. Выкладчыкі чыталі лекцыі па мастацтве, літаратуры, пластычнай анатоміі, фізіцы, хіміі і інш. Многія з іх (М. Шагал, К. Малевіч, Л. Лісіцкі, І. Чашнік, В. Ермалаева, Н. Коган) друкавалі тэарэтычныя работы, у якіх папулярызавалі новыя стылі ў мастацтве. Вучылішча ў гэты час было сапраўднай эксперыментальнай базай для распрацоўкі новых форм у дызайне, архітэктуры, мастацкім афармленні. Дзякуючы грандыёзным праектам аб’яднанне выйшла на першае месца сярод новых мастацкіх школ Расіі, былі нават створаны філіялы ў Петраградзе, Смаленску, Самары, Пярмі.

Выкладчыкі і навучэнцы неаднаразова прымалі ўдзел у выстаўках, якія арганізоўваліся ў вучылішчы, розных гарадах Беларусі і Расіі, прадстаўлялі свае карціны на ўсесаюзных выстаўках мастацтва народаў СССР. Удзельнічалі ў афармленні Віцебска да свят, рабоце Віцебскага краязнаўчага таварыства, стварэнні экспазіцый для Музея сучаснага мастацтва (праіснаваў у сценах навучальнай установы да 1923 г.). Вучылішча мела сваю бібліятэку, дзе захоўваліся кнігі па мастацтве, падручнікі па тэхніцы жывапісу, педагогіцы, манаграфіі аб жыцці і творчасці мастакоў, альбомы, часопісы («Жизнь искусства», «Стекло и керамика»), газеты і інш.

Сярод выпускнікоў шмат выдатных беларускіх мастакоў-сцэнографаў – І. Ахрэмчык, З. Азгур, Я. Ціхановіч, П. Масленікаў, Я. Нікалаеў, У. Кульваноўскі, М. Блішч, І. Ушакоў, І. Пешкур. На выстаўцы можна пазнаёміцца з работамі гэтых выдатных майстроў.